жыце яму, Швэйк: «Пан фэльдкурат вам нічога ня дасьць».
Швэйк выканаў загад, раўнуўшы гэта гасьцю ў самае вуха.
Адылі настойлівы пан застаўся на месцы.
— Швэйк, — сказаў фэльдкурат, — запытайся яго, ці доўга ён яшчэ мае сядзець тут?
— Я не крануся з месца, пакуль мне ня будзе заплочана, — упарта заявіла гідра.
Фэльдкурат устаў, падышоў да вакна і сказаў:
— У такім разе, перадаю яго вам, Швэйк. Рабеце з ім, што хочаце.
— Пойдзем, васпане, — сказаў Швэйк, узяўшы гасьця за плечы. — Бог тройцу любіць.
І паўтарыў сваё практыкаваньне шпарка й шыкоўна пад хаўтурны марш, які тарабаніў на ваконнай шыбе фэльдкурат.
Вечар, прысьвечаны душэўным разважаньням, прайшоў праз некалькі фаз. Фэльдкурат так шчыра і палка імкнуўся да бога, што ўжо а дванаццатай гадзіне ўначы па кватэры разьлягалася яго пяяньне:
Кал! ў паход мы зьбіраліся,
Дзеўкі сьлязьмі абліваліся...
З ім разам сьпяваў і добры ваяка Швэйк.