Перайсці да зместу

Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Абеглы саманарыс майго жыцьця

Аўтобіографія

Мястэчка (цяпер горад) Капыль на Случчыне — мая радзіма. Бедныя сяляне-чорнарабочыя — мае бацькі. Радзіўся я 23 кастрычніка (старога стылю) 1887 г. То была пара, калі ў хаце пераходзілі ад цяжкае падзёншчыны на нудную, чуць не дарэмную «зьдзельшчыну». Бацька вярнуўся з Палесся, дзе капаў канавы ў падрадчыка, маці — кончыла капаньне бульбы. Да аднаго варстата, на якім рабіў дзед, мусіў дадацца другі. І ад ранку, з досвітку да поўначы пры агні лучніка, павінны былі зайграць ляды й вітушкі[1] нясьціханыя нудлівыя песні, каб праз тыдзень найграць для сям’і восем злотых; пры гэтым — з дадаткам муштры ад заказчыка.

Маё нараджэньне на тыдзень адстрочвала з пастаноўкаю другога варштата. Толькі на тыдзень! Бо далей трэба было старацца ткаць, каб мець навошта жыць. Я мяшаў спорай працы цэлую зіму. На лета бацькі пайшлі на работу, пакінуўшы мяне на апеку цётцы, двум дзядом і бабцы па мацеры.

Я быў першанец — і ўсе мяне шанавалі і сьцераглі. Сьцераглі неадходна, пакуль я «стаў на ногі». На адзінаццатым годзе, зімою, мяне аддалі вучыцца грамаце. Да гэтага бацька сам навучыў мяне чытаць «поверху».

У «дарэктара» я паказаў здольнасьць да граматы і да каляд прайшоў часлоў. Далей ня вучыўся — сур‘ёзны дарэктар вымусіў мяне лішнюю зіму пакоўзацца на санках і падраць пару-другую падносак на лёдзе. Паставіў разоў два на калені на жарству за сьмех на малітве — і гордасць мая адхіліла мяне ад занадта шчырага багамола. Бацькі і дзяды былі за мяне.

  1. Прылады ў варстаце.