Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

толькі верацяно трынкае. На калодцы сярод хаты сядзіць бацька; дастаець з цугуна, з цёплай вады кружкі лык, раскручваець іх на руку ў другі бок і кроіць, адкідаючы тонкія, даўгія акраўкі, з якіх малыя дзеці плятуць лапці, каб наўчыцца плесьці, ня псуючы добрых лык. „Кату лапці“, скажа нязюклівы бацька на тое няўмельства. Паправіць матка лучыніну, адаб‘ець вугаль, каб яна ня дыміла. Тады возьме верацяно ў складзеныя далонямі рукі, як складаюць іх каталікі, молячыся, і раптам цірнець іх адну аб адну… Верацяно, павіснуўшы на нітцы, доўга-доўга круціцца, аж пакуль матка не падхопіць яго. А падхапіўшы, яна шыбка-шыбка наматвае нітку сьпярша з большага на руку, а тады зараз, ўжо як мае быць, — на вераценца. І скубець і скубець яна леваю рукою мычку, часам дужа скоранька насьлюньваючы аб язык самы працавіты палец. І хлопчык мімаволі варушыць сваім такім-жа пальцам. А яна цягне і цягне рукою ад сябе, круцячы верацяно — убок, убок — і далёка наадмах, аж пакуль хапае тэй рукі. Ад яе працы (любая мамачка!) — вее ў сэрца з асьцюдзянелае хаты цёплым сумам. Гэтак цягнецца і вее сумам нашае жыцьцё… Ад яе верацяна ільлецца нудны, зьвінячы і слабы, як камарыны гук, даўгі, бязупынны і жаласьлівы, як гэтая даўгая, цёмная, сумная зімовая ноч, з познымі вечарамі і раньнімі досьветкамі: трынь-трынь-трынь!.. І ўсё ціха і ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка, ціхенька сакатнець пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. А на вуліцы шугае вецер, а тут лучына гарыць сваім вагам, і хочацца ляжаць доўга-доўга. Але трэба ўставаць, варушыцца брацца