АКТ І.
Вясна.
Нядаўна яшчэ шэрае алавянае неба, цяпер пакрылася бліскучай блакітнасьцю, па якой хутка, быццам гналіся адзін за адным, паплылі абрыўкі веснавых белых вобалакаў. З стрэх дамоў пасыпаліся брылянтавымі пацеркамі астачы ўчарашняга сьнегу, бо сонца вырвалася з зімовае няволі і ўзноў зазіхацела ўсёй зіяючай сваёй магутнасьцяю. У паветры запахла веснавым пахам, які ласкоча душу, сэрца прымушае біцца мацней, напружае нэрвы, як струны іскрыпкі, наладжанае на высокі тон.
У такі веснавы дзень людзі ад гэтага паху п’янеюць, як ад віна…
Але тут ужо веснавая п’янасьць прайшла. Ён — даўно ўжо забыўся аб маладых парывах свае душы, ціха, толькі час ад часу заскрыгатаўшы зубамі, цягне на гару саху свайго жыцьця. Яна — ціхая, верная, добрая апякунка хатняга вогнішча, пільнуе, каб яно не пагасла. Калі-ж якісьці самум уварваўся-б у гэтую ціш і параскідаў пагасшыя галавешкі, яна, як гордая вэсталка, з высака паднятай галавою адвернецца і сойдзе з дарогі таго, хто не ацаніў яе працу…
Ціха, спакойна, роўным полымем гарыць хатняе вогнішча.
Уводзіць дысонанс толькі скрыгот маладое, але калекае, душы сына. Бо ён калека ня толькі сваім гарбом, але і душой. „Гультай хлапец дый толькі!“… Вучыцца ня хоча, ня думае аб працы, „у канцэлярыю на службу“ гэтак сама ня пойдзе, але ўначы, калі ўсе сьпяць, зачыніўшыся ў сваім пакоі, сьніць пры міргаючай сьвечцы якіясь дзіўныя сны аб падарожах па млечным шляху…