Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І расставіўшы рукі свае,
Бы галодны, што мусе самлець,
Я стараўся даткнуцца яе,
Каб у мiрганьнi яе распылець.

Але ночы хаўтурная цьма
Шчыльна-шчыльна павiсла над ёй,
Так што ў змроку пасмугла яна
Перад смагай гарачай маёй.

I як быццам далася на крок[1]
Далей-далей, назад ад мяне,
Ды ізноў паказалась здалёк,
Разгарэўшыся ў зыркiм агне.

Я-ж ня стаў, не жахнуўся патом,[2]
А ўсе сілы ў сабе пазьбіраў
І з гарачым душэўным агнём
Сьмела к ëй набліжаціся стаў.

I ў душы згартаваўшы намер
Ўсё жыцьцё ад яе не адстаць,
Стаў я окліч яе пераймаць,
Які здалі казаў: „Толькі вер

Й не глядзi, што наўкола цябе
Непрабачная ночка стаіць;
Бiся з цьмою[3] і ў той барацьбе
Ты патрапіш мяне улавiць“.

Што далей — мой увераней крок,
Што далей — й яна бліжай ка мне,
I мой цьвёрды ваяцкі зарок
Хутка-хутка яе нажане[4].

|}


Сон.

Пад небам высокiм, над полем шырокім
Ночы я сьніў, што лятаў
І пiльным паглядам зырклiвага вока
Наўкола сябе аглядаў.

Чароўнай здавалася мне ў спачываньні
Зямля ўся, убрана ў цьвяты,
Ні гора, ні мукі ня знаючы званьня,
Спакой адзін знаўшы сьвяты.

І думкай абхвачаны[5] сьвежай, кіпучай,
Зямлi я свабоднай гукнуў:
Зямля ты чароўна, вялiка, магуча
Дух шчасьця цябе апрануў!

І дзіўнаю вабіш к сабе красатою[6]
Ты вольную пташку — мяне;
Цяпер будзе лепей ужо жыцi з табою,
Як ў вольнай лунаць вышыне!..


Сявец.

Ўставай, сявец! Бяры сяўню,
Аўса, вады давай уволю
Свайму любімаму каню
І едзь пасьпешна ты у поле.

За зіму ўспрэўшая зямля
Табе аддасьць за працу многа!
Ўставай, сявец! Няхай сяўня
Ня будзе пуста і убога!

  1. Полён. — шаг.
  2. Потым.
  3. Ужываецца болей — цемрай.
  4. Нагоніць.
  5. Рус. — абхоплены.
  6. Рус. — красою. хараством, прыгажосьцю