Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Птушак міленькіх з краю радзімага
Ў вырай загнала ад нас;
Песьні іх мілыя, дзіўна пяяныя
Ветрам заглушыла ўраз.

Ветрам, навеяным з дальняга сівера,
Хмар прынясла за собой,
Неба высокае, сіня-крыштальнае
Ўсё спавіла туманом…

Восень ты нудная, восень дажджлівая,
Ты нямінуча ўсяды[1].
Ў сэрца балючае, ў душу сіротную
Многа ліеш ты нуды

|}


З зборніка „Песьні“.

Песьні гарбара.

I.

Я рабочы, гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
Я з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.

Ў вачох іскры маіх,
А жалеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, ў адзін мах.

Ці задушша, ці чад —
Ўсё на сэрцы маім,
Але ўстрашыці на’т
Не здалее нічым.

Кроўю цёплай сваей
Абліваю тавар,
А сьлязою з вачэй,
Што сплывае праз твар,

Харашу я яго
Дзеля густу людзям…
Не, жыцьця я свайго
Для другіх не аддам.

Я здружыўся з трудом[2]
Я ў ім рос, я ў ім крэп;
Запрацованы хлеб
Люблю мець за сталом.

Не хачу, ня прывык,
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар — працаўнік,
Я жыву — каб рабіць.

Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць…
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць,
Не гатовае браць?

II.

Ах, як стрэлка марудна ідзе,
Бы знарок хоча час працягнуць!
І ня ведае болю грудзей,
Што дзяннога канца яны ждуць.

Нібы нехта трымае[3] яе:
Ані ўперад, ні ўзад не сьпяшыць!
А так хочацца-хочацца мне
Ўжо работу сваю палажыць!

  1. Усягды, найлепей — заўсёды.
  2. Рус. — з працай.
  3. 1)трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.