Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сватаўства.

Раз зімоваю парою,
Мусі ў мясаедзе,
Сабраліся між сабою
Нашыя суседзі.

А ці ўлетку, ці зімою,
Так па людзях ходзіць,
Што старыя між сабою
Сватаўства заводзяць;

Ды, як выпілі даволі
Крэпкай саматужкі[1],
Янка наш хваліць паволі
Стаў свае дачушкі:

«Старша — кажа ён — гадамі
«Мая Кацярына,
«Каб вы, братцы, зналі самі —
«Анел, не дзяўчына;

«І паслушна і набожна,
«Ціхая, як рыба,
«Дык — хто возьме, сказаць можна —
«Скарб дастане хіба!

«A малодшая, Мар’яна,
«Да ўсякай работы,
«Як да шыцьця, так да тканьня.
«Мае шмат ахвоты.

«Мо’ на горб яе другія
«Зьвернуць з вас увагу?
«Але я ей дам за тое
«Сто рублёў пасагу».

Ўчуўшы гэта, ад парога
Юрка Мікалаеў
Падыходзіць да старога
Ды скора пытае:

«Ведаеце што, татуля!
«Можа ў вас часамі
«Ёсьць Тацьцяна, ці Настуля,
«Ды з двама гарбамі»?!


Не спранатрыў[2].

Як чутно, дык гэтак, мусі,
У нас па цэлай Беларусі:
Кожан[3] двор і кожна хата
Мае прыказак багата.
У кожнай справе, у кожным дзеле,
Як падумаеш тыкеле;[4]
А сьпісаць іх усе з натуры,
Дык валовай мала скуры.
Але прыказкі ўсе гэты
Ня ліхой бываюць мэты,
Іх прыкеміць[5] толькі штука,
А там кожнаму навука.
У аднэй вёсцы даўнавата
Жыў адзін мужык багата,
Так, як іншы раз бывае,
Калі ў масьле сыр плывае:
Меў і грошай і, будынку,
І харошую скацінку,
Меў дачушку і сыночка,
Удалога адзіночка.
А пражыўшы веку спора,
Як прачуў канец свой скора,
Залёг стары у краваці,[6]
Ды дзяцей к сабе стаў зваці.
„Дзеткі — кажа, мае мілы,
Я ўжо блізак да магілы!
Табе, дочка, трэба будзе
З волі божай пайсьці ў людзі.
А ты, сынку, як бог здарыць,
Калі будзеш гаспадарыць
Вэдле[7] бацькаўскага ладу,
Дык старога помні раду:
Калі ты ідзеш з сахою,
З возам, з бараной, з сяўнёю,
Не кажы, ідучы з дому:
„Памажы, божа“ нікому!
А другое, знай, ці чуеш,
Як арэш, ці барануеш,
Ды дамоў будзеш адходзіць,
Абгародзіць не зашкодзіць.

  1. Значыць — гарэлкі.
  2. Не зразумеў.
  3. Кожны.
  4. З польск. — tak wiele — толькі.
  5. Запамятаць.
  6. Рус. — у ложку.
  7. Полён. — згодна.