Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адсохнуць мае спрацаваны хай рукі,
Як чэпяць за струнны арган,
I выдадуць грудзі сардэчныя мукі
На сьмех і на зьдзекi ўрагам!
Мы з болем павесілі арфы на лозы,
Но[1] песьні пра родны Сыон
Нішто не заглушыць: ні мукі, ні сьлёзы,
Ні душу ўзрываючы стогн…

|}


Я. Журба.

Адрадзілася прырода…

Адрадзілася прырода;
Зноў надзеі агарнулі.
У грудзёх калішні жальбы
Дзесь далёка патанулі.

Адрадзілася прырода;
Запяялі ў небе птушкі;
У душы ізноў паволі
Ўюцца песьні-весялушкі.

Луг і поле каля вёскі
Аксамітам зелянее;
З траўкі ўжо зірнулі кветкі;
Лес зялёны ўсё цямнее.

Адрадзілася прырода…
Край мой родны адрадзіўся,
К жыцьцю новаму васкрос ён,
Цяжкіх сноў к вясьне пазбыўся.

Веру, родная краіна, —
Возьмеш верх над злой цямрою:
Твае ворагі ўсе згінуць;
Шчасьце блісьне над табою!


Вогнішча.

(Настаўніцам і настаўнікам).

Падкладайце, браты,
Сюды дроўцаў хутчэй,
Каб ня згас наш агонь,
Каб сьвяціў ён ярчэй!

Тым, хто ў цемры жыве,
Каб мігцеў гэты сьвет,
Каб маланкай палаў
Чараўны агняцьвет!

Каб сьвяціў сьцежку нам,
Каб ён вечна гарэў,
Хто ў бяздольлi жыве,
Каб той сэрца сагрэў.

Хай яго адусюль
Браты бачаць мае:
Думкі вогнiкам тым
Хай распаляць свае.

Дык палай ты, агонь,
Гэй, ярчэй ты палай;
Сьветлы вогнік ты наш,
Засьвяці на увесь край!

Не шкадуйце-ж драўцоў,
Мае сябры-браты:
Разьняцеце[2] ў душах
Гэты вогнік сьвяты!

Каго люты мароз
Тут так моцна скаваў,
Каб сьвяты ваш агонь
Асьвячаў, аграваў…

Дык палай вечна, сьвет,
Ясным сонцам палай:
Хай праменьні твае
Паляцяць на ўвесь край!

Дай нам моц, каб народ
З душой ëмкай устаў,
Разагрэй, разбудзі —
Каго сон спанаваў!


  1. Рус. — але.
  2. Распалеце.