Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„А, любіш, гапцюль[1], сала, нібы кот. Гэта-ж кума, дай божа ёй здароўя, патрактавала,[2] а ты пэўне падумаў, што пані раздабрухалася… не, гэткай ласкі ніводзін не даслужыўся. Тут так: добра, добра, а не — каленкам, ды вон. Ну, пагонім дамоў, пара, здаецца“.

Пранусь узарваўся, як пчала, і заляскаў пугай па мураўцы — „Дамоў! дамоў!“ разьлягаўся яго звонкі голас па полі.

— „Ну, ты напаі быдла, а я пайду гляну, можа крупнік заждаўся на нас“, і барадач зацюхціў[3] лапцямі па зямлі, падымаючы слупы пылу за сабою.

— „Што, выхартаваўся?“[4] спыталася пані, як убачыла яго пакалмачаную бараду, ў дзьверах.

„Заві[5] хлапца сюды! трэба пабачыць яго“.

— „Зараз, панюхна зараз! Эй, карантыш, сюды, сюды, косьці, госьці, гвозьдзі[6] усё паядзім“![7]

Пранусь увайшоў. — „А, і ты тут, ну, а як-жа служба? я і ня пыталася“.

— „А нішто сабе, але каб свая гаспадарка была, ведама лепей“, бойка адказаў Пранусь.

— „Што-ж бы гэта было, каб усякі сваю гаспадарку меў, гдзе-ж бы работніка набралася?

Так вось, маленькі гаспадарок, да восені паганяеш быдла, а посьле я цябе сюды забяру, да цяжкай працы; слабы яшчэ, а для мяне якраз паслугач“.

— „Добра, пані добра!“ марматнуў Пранусь, перажоўваючы на астатку нейкі храшч, што нянацкам папаў на зубы.

— „Пойдзем, братка“, адазваўся барадач.

— „Вось, дзядзечка, казала пані, у паслугачы забярэ, мусіць горш далёка будзе“.

Чуў, сынку, чуў, я толькі маўчу, ды думаю, што з гэтага будзе? Тут ня ўежна, ды ўлежна, а там — хоць часьцей зловіш перапечку, дык і гупліка[8] падвабіць, толькі трымайся[9].

Гэта, брат, не навіна! Нашто ўжо мне старому ў злосьці, калі ўклеіла мяшалкай па зубох, то вось адзін па адным тры зубы выбраліся, і здаровыя, як звон, Ну, і маўчу, як-бы нічога ня было. Ці адзін назьдзекуецца над бедным!..

Нас усюды б’юць. Пашоў раз у горад; іду вуліцай, вядома пасярэдзіне, аж дзесяцкі за карк: сюды, кажа. Я гоц у бок, аж — на табе — узьбіўся на нагу нейкай пані, і што, здаецца, пашкодзіў, калі лапцем крыху наступіў на ваксаваны боцік, дык як яна, браце, пачала вудзіць мяне парасолікам, аж пыл курэў; па той раз — плаці, — не пайду.

Так і табе. Пакуль малы, — сілы няма, а будзе сіла, права няма, ну і ануча анучай.

Але кажуць ісьці за паслугача, ідзі, адказаў няма“, — і дзед, закінуўшы на патыліцу шапку, уздыхнуў і запеў:

  1. Значыць — малы, карантыш; запраўды — дзеравянны гузік, брызгуль, як ўкладзецца ў гаптачку, адсюль — гапцюль.
  2. Пачаставала.
  3. Зачасьціў.
  4. Згаладнеў, ад хорт, сабака які нібы галодны заўсёды з падцягнутымі бакамі.
  5. Лепей — кліч.
  6. Рус. — цьвякі.
  7. Рус. — паямо.
  8. Штурхача.
  9. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.