Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск IV.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як тваё імя? — дапытваў далей голас.

— Янка.

— А па прозьвішчы?

— Дудар.

— Ну, добра, Янка Дудар, пакуль разьвіднее, пасядзі каля брамы, ды глядзі не гамані тут.

Стаў Дудар дня чакаць. Сядзеў, сядзеў, ізноў маркотна зрабілася, да таго-ж перад раніцай холадам пацягнула, хоць гэта і летам было. Ізноў дастаў ён сваю дуду, чуць-чуць наігравае, каб за брамай не пачулі.

Зірк — а на частаколе нейкія галоўкі паказаліся: адна, другая, трэцяя…. Мнёлчыкі.

— Слухайце, слухайце, — кажа адзін, — вось хораша іграе!

Тут ужо Дудар ня вытрываў і пачаў іграць на ўвесь голас.

— Ах, як хораша! Вось хораша! І што гэта за музыка такая? — дзівуюцца анёлчыкі.

— Гэта барысаўская, — сказаў Дудар.

Раптам загрымелі ключы ў замку, і адчынілася брама. У браме стаяў нябесны ключар, сьвяты Пётра У

— Дудар!

— Чаго?

— Пойдзем!

А па небе ўжо разышлася погаласка, што прыйшоў музыка з Беларусі і дужа хораша іграе на дудзе. Дайшло гэта і да Самога Бога, каторы, выйшаўшы з пакояў, сеў на ганку прахаладзіцца: за работу ня браўся дзеля таго, што нядзеля была.

Не пасьпелі Дудару кватэры азначыць, як прыйшоў па яго анёл, толькі не такі, як папярэднія — маленькія, у белых кашульках, з белымі крыльлечкамі, а вялікі ў сярэбранай адзежы.

— Янка Дудар! — сказаў, пасланец.

— Што, паночку?..

— Праўда, што ты ўмееш іграць?

— Праўда!

— А пайграў-бы?

— А чаму-ж не пайграць! Перад кім?

— Перад Богам Сьвятым!

Пачухаў Дудар патыліцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы — народ сьмелы.

— Пайграю, — кажа.

— Ну, дык пойдзем, — кажа анёл.

Пашлі. Анёл сьпераду, Янка ззаду. Глядзіць, дзівуецца.

Абапал дарогі сярэбраныя хаты, а жывуць у іх сьвятыя; У канцы вуліцы пабачылі самога Бога, каторы сядзеў на ганку і чакаў.

Дудар далікатненька пакланіўся — быў ён чалавек бывалы і ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кіўнуў галавой.

А кругом ужо сабраліся анёлы — малыя і вялікія, арханёлы ў залатых і сярэбраных адзежах, сьвятыя і проста так справядлівыя душы — мужыкі і бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасьці, і ўсе хочуць паслухаць музыкі.

— Ну, Дудар, — сказаў Бог, — іграй.

А Дудар ізноў пакланіўся і кажа: