Ды йзноў з ціхай моцай2) струіцца…
А іншы ёсьць дух, як крыніца:
З нутра яго бурны патокі
Лятуць, грыміць хваляй высока,
Пакуль унутры сіл хапае;
Няма іх — і ўсё замірае,
І гіне жыцьцё чалавека…
Так ёсьць і было так адвеку.
(Паўза. Спакайней).
Мяне да вясковага люду
Дух цягне іх — вольны ад жуды;
Яны ня цікуюць нічога —
Ім простая ўсюды дарога:
„Усё даў нам добры бог з неба,
Затое кахаць яго трэба“.
Ім сьвет аб сабе сам гавора[1]
Гануля.
Ты кажаш: няма у іх гора,
Раманка міленькі. Дарэмна:
Яны больш паноў церпяць — пэўна.
Ці ёсьць горшы боль, калі ў хаце
Няма куска хлеба дзіцяці;
Калі ў вачох чахне дзіцятка,
Ці-ж мала цярпіць тады матка?
Раманка! ты толькі ня бачыў:
Сьлязьмі яны горкімі плачуць.
Паны?.. ім усёга хапае,
З іх голаду жадзен ня знае.
Раман.
Бач, Ганю, ёсьць голад дваякі:
Адзін — яго знае усякі,
Хто хлеба у хаце ня мае;
Другі — яго той толькі знае,
Хто духам з зямлі адарваўся —
Да неба-ж высот не дастаўся.
Ды знай, хто раз неба убачыў, —
К зямлі не павярне іначай,
Як з голадам страшным у душы,
Што мозг, душу, сэрца ўсё ссуша,
Раман (адзін).
Разьбіўшы жыцьцё — й з тых астаткаў
Жыцьця стварыць хочуць пачаткі.
(Сьмяецца горка, пасьля шчапляе у роспачы
рукі).