4-я Русалка.
Зарою
Над роднай зямлёю
Усходзе… во’ — сонцам гарыць,
Высока пад неба
Азьвецца, і глеба,
Бы ліст на вышыне, дрыжыць.
З чала дзьве зарыцы —
Дзьве родны сястрыцы —
Праменьні сплятаюць свае.
Да хмар даланёю
Дастаў ён адною,
Другой да зямлі дастае.
Русалкі.
Ўладар наш! О, мілы!
Хам (пачынаючы варушыцца, бармо-
ча праз нос).
Мяне — да магілы?
Да раю?.. Чакайце!..
4-я Русалка (нагінаючыся над ім і
ўпёршы ў яго вочы).
Чаго?
Хам (громка).
Я жыць, жыць хачу я!..
Русалкі.
Сон думкі бунтуе,
Сон марамі страша[1] яго.
4-я Русалка (як вышэй).
Кажы, чаго трэба?
Хам (бармоча).
Крывавае неба!..
Га! Ведзьмы дзьве душаць мяне…
Bo’ — кажа — цалуе.
4-я Русалка.
Кажы больш!
Хам.
Хачу я
Сваб…
(Абрывае і бармоча).
Русалкі.
Зморы дзьве бача у сьне…
Хам (бармоча).
Во’, ведзьмаў шчаняты,
Во’ во’ чарцяняты
Масьцяцца, каб як укусіць
Вон!..
Русалкі (паміж сабой).
Што, што ён кажа?
Хам.
Вон, племя уража![2]
Вон! Сонца маё ўжо гарыць…
4-я Русалка (бярэ кветку з рук 1-й
і становіцца над мормочучым
Хамам).
Ўстаў дух твой, ды цела
Тваё абамлела, —
Яму йшчэ ня час уставаць;
Ды йдуць часы тыя, —
Яно ўміг ажые[3]
І пойдзе ствараць, будаваць.
Рэха.
Як цемра загіне,
Як ночка праміне, —
Тагды пара прыйдзе ўставаць!
Русалкі (усе колам).
Глянь, — месяц бялее,
Глянь, — цемра радзее, —
Ўраз пойдзем ствараць, будаваць.
(Русалка кідае кветку яму на
грудзі. Месяц гасьне. Хвіліна — цёмна
зусім. Русалкі пяюць).
Глянь, — месяц бялее,
Глянь, — цемра радзее, —
Ўраз пойдзем ствараць, будаваць!..
(Русалкі разьбягаюцца; голас
ціхне; удалі — за лесам — разгараецца
зара раніцы).