Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Грэх не жартаваць, калі жар-сонейка грае, калі птушкі-званочкі двукрылыя зьвіняць, калі вакол хмялеюць шкляныя далечы і мітусяцца палосы зялёна-кудзерных гайкоў.

Грэх не жартаваць, калі ў далі-дальняй шэрыя купінкі хатак вясковых у самыя воблакі лезуць, калі з гладышоў-комінаў коціцца дымок ружова-сівюсенькі і верціцца рухліва-бурштынавымі клубочкамі-яблыкамі…

А познымі змрокамі йдуць маладыя жнейкі да хаты, ідуць грамадкай цеснай, босыя. Чырванеюць кветкі-вышыўкі на белі востракантовых хвартушкоў. Бялеюць хусткі на ільняна-русых полымях валасоў.

Ці не лябёдкі гэта перакінуліся раптам у залачона-валосых дзяўчатак?

Ці не чарадзейніцтва рэй вядзе на вытаптанай сьцяжынцы-каруне?

На сьпінах камень-боль вісіць. На тысячы міль цягнуўся летні дзень. Ад цямна да цямна працавалі — пан скардзіцца не павінен.

Пелі яны хорам, усе разам. Шчыры смутак, як мёд ліповы, кадзіліў[1] змрочнасьць. Волі жадалася:

„Дайце вы мне вольку —
Я ў зязюльках апынуся;
Дайце вы мне крылкі —
Я да пташак прылучуся“…

„Вольку!“ — адгалосівала мутна-цёмная шыр сваімі чатырма старанамі.

„Вольку!“ — вышываў нехта люба-вабнае слова на небе чырвонымі пчолкамі.


∗     ∗

Гарачы кісель льлецца з высотаў уніз. Сонечна-варны дзень. Зачарованыя гоні во’-во’ растопяцца ад гарачыні, як сала на патэльні. Пад трыма хвоямі гудзіць цёмнае воблака кусьлівых аваднёў. Зярняткамі-лятункамі носяцца яны ў паветры на адным месцы.

— Ой, ратуйце, людзюхны добрыя… ра-туй-це… —— жаласьліва-жудасна вохкала глеба.

Ра-туй-це!

Стогн дзікі, працяглы, як асеньняя ноч, вырываўся з-пад тройцы хваёвай, з-пад трох дрэў нямых. Пад дрэвамі быў курганок-мурашнік. Вялікім ахапкам сіўца здаваўся ён хвойкам. У ім і па ім ёрзаліся рудыя, зухаватыя мурашкі. З мурашніка тырчэла гола-меднае цела мужыка. За рукі ён быў моцна прывязаны вяроўкамі да яловага пня, так моцна, ажно рукі трэскаліся і выварачваліся з суставаў. Па жывым карчы чалавечага цела капашыліся сотні мурашак…

Хадыром хадзілі сукі-рэбры, „чорныя“ мужыцкія косьці пад скурай бруднай; не хадзілі, а скакалі. Валасы ў мужыка былі скалмачаныя, потныя ды абсыпаны чорнай мукою-пяском. І твар скрыўлены быў, аблеплены зямлёй: не даваўся мужык, не хацеў лезьці голы ў мурашнік…

— Ратуйце-е-е…

  1. Атуляў дымам, быццам ад кадзіла.