Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж, матчына-сэрца не з зялеза! — адказвала яна, выціраючы кашуляй сьлёзы. — Нашаму брату-жабраку, калі ня маеш на паказ калецтва нейкага, ніхто нават халоднай вады ня дасьць!

— О-ей! — пачалі зноў суседкі, — ёсьць чаго шкадаваць! дык яна і без жабрацтва карміцца будзе.

— Не! не! не! — ажно зачырванеўшыся замахала рукамі Магдуся, — не хачу ды не хачу! Хай жабруець, як бацькі і дзяды яе! Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!

Змоўклі кабеты, бо ў душы яны ведалі, што яна праўдзіва кажа. Пагутарылі суседкі яшчэ крыху і разыйшліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак, хоць і быў сьляпы, але ў хаце сваей добра ведаў усялякі кут і куточак; цяперака ён падаў павячэраць жонцы сваей і сам, пад’еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.

— Ат — думаў ён, — дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзёх і лагодненька! — А аб тым, што яна будзе пасьля яго сьмерці рабіць, ён і не падумаў. У хаце асталася Магдуля з дачкой сваей. Сьпярша стагнала яна, ляжучы на сяньніку сваім, пасьля паставіла вячэру па зэдаль і давай уздыхаць: „Няшчасная! Няшчасная“!

Праз маленькую, брудную шыбінку часам відаць было, як па небе плылі хмары, шэрыя і разарваныя, быццам скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праясьнілася, бо хмары пераплылі, і — залаты бліскучы месяц вынырнуў і глянуў у ваконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыямэнтным пылам… Цішыню перарывалі тонкія, глыбокія ўздохі Магдусі. Вось, быццам няпрытомная, устала яна з ложка, выняла з ануч дачку сваю і давай зноў азіраць яе. Месяц асьвячаў голае дзіцятка на руках сваей маці.

— Якія вялікія вочы! — шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, каторыя ў праменьнях месяца блішчэлі, быццам пара маладзенькіх пралесачак…

— Як глядзіць! як глядзіць! — шукаючы нечага, бурчэла Магдуля. Вось, палажыла яна дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сьценах. Нейкай страшнай марай выглядала яна і цень яе пад зьзяньнем месяца.

— Чуць знайшла! — прагаварыла яна, змарыўшыся, трымаючы нешта бліскучае паміж сваіх пальцаў. Зноў узяла дачку сваю на рукі і паднясла к сьвету да самага ваконца.

Яшчэ болей заблішчэлі вялікія вочы маленькай Магдусінай дачушкі, здаецца, ціха яны ўглядаліся на красу першага вечара, зьдзіўлена расшыраючыся…

Але, вось Магдуля пачала нешта ёй спрытна ў тварык саваць… Дзіцянё пачало плакаць нейкім працяжным слабым голасам душанага маладога зайчыка. Магдуля засапалася, панясла яе скора на ложак, кажучы:

— Ашчасьлівіла цябе, дачушка мая, даражэнькая мая! Ашчасьцівіла!

Яна асьляпіла ей вочы іголкай…