Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Дзін-дзін — званочак зьвініць.
Лясь-лясь — драцянка ляскоча,
Дрыж-дрыж — каняка дрыжыць,
Стоп-стоп — у яму йсьці хоча“.

Кліча хтось з глыбі[1] хваёў,
Кліча, заве па іменьні,
Кліча ў гушчар хурманоў, —
Проста, ня знойдзеш збаўленьня.

Гінуць у белых палёх
На мягкапушных пярынах,
Гінуць у белых агнёх,
Ў ярка-сівых дамавінах.

Вее-шапоціць ім сны,
Белыя, сьнежныя казкі.
Стынуць, гібеюць яны
Пад заварожанай ласкай.

|}


Пяе струна

Пяе струна натхнёная,
Варожыць па начы;
Ад шчасьця млею, стогну я,
О, сэрца, не маўчы!..
Папера — поле белае
Для літараў-зярнят.
Шчыр-думкі сею сьмела я,
Я — сейбіт, я — багат.
Радкі — барозны роўныя
Вяду сахой-пяром.
Ратайскай сілай поўны я,
Магутнаю, як гром.


Псальмы паўночныя.

Псальмы паўночныя, — кветкі расістыя
Сэрца сьмяротнага сьпевы вячыстыя,

Птушкамі лёгкімі зьнізу насіліся,
Ў неба халоднае скрыдламі[2] біліся.

Пчолкі маўклівыя — зоранькі пільныя
Іх сустракалі там цішай магільнаю.

Месяц палохаў іх сном-таямніцаю,
Скрыдлы кадзіліў ім злой агнявіцаю.

  1. Лепей — глыбіні.
  2. Полён. — крыльлямі.