Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вясна.

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся.

Вясёлы сьпеў
Прыветлівы
Руччоў ў палёх
Пачуецца.

Ачнецца гай
І з песьнямі
Ў зялёны ліст
Адзенецца.[1]

Напоўніць лес
Птушачы сьвіст,
Травою луг
Акрыецца.

А з полудня
З маланкаю
Хмурыначка
Націсьнецца;

І першы гром,
Як музыка,
Таёмна так
Пракоціцца.

І грудзь[2] зямлі
Ўскалышыцца,
Дажджом яна
Абмыецца;

Ў прыродзе ўсё
Народзіцца,
І моладасьць
Ей вернецца;

Ды толькі мне
Ня вернешся,
Ты, моладасьць…
Ня вернешся…

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты вернешся,
Ты вернешся!..


Хлебароб.

Цёплы вечар. Ціха ўсюды;
На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
Тонкім валаконцам.

Зьяюць хмаркі ў пазалоце,
Як агнём палаюць.
За гарою ціха-ціха
Песьні заміраюць.

Хлебароб, мужык вясковы —
Вось па межах ходзіць;
Выйшаў ў поле, каб пабачыць
Як Бог жыта родзіць.

Твар сур‘ёзны хлебароба,
Важны, задумённы;
Ходзіць, рукі залажыўшы
За паяс раменны;

Як-бы градкі, йдуць радамі
Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
Кажушок зялёны.

Густа жыта маладое
Поле ўсё пакрыла,
Расьце добра і прыгожа,
Ажно глянуць міла.

Каласочак раскрывае
Клетачку зялёну;
Дзе-ня-дзе яго ўжо вусік
Блісьне па загону.

Хлебароб глядзіць з уцехай,
Ходзіць ў Божым дару…
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзіць
Пры сьвятым аўтару.


  1. Лепей — апранецца.
  2. Русіц. — грудзі.