Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Распусьці залацістыя косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
Ўсходы новыя сей на зямлі.
З непатульнай пакорнай зямліцай
Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разьлівайся люстранай крыніцай
Між даламі, гарамі, людзьмі…
Рассыпайся па сёлах, па нівах
Брыльлянцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
Ласкай сэрца, душу супакой…
Як у сьвята Купальскае, сонца,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,[1]
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечныя думы,
Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,
І нясуцца хай гэтыя шумы,
Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..
Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх
Да Крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічам, сонца, цябе, як адзін!

|}


Песьня Званара.

На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
Толькі птушка-арол дзе садзіцца,
Там збудую, узьвяду нізі ўсей на віду
Мураваную вежу-званьніцу.
І завешу я звон з усіх чутны старон —
Раўня голас і віхру, і грому.
Як пушчу яго ў ход, сазаву[2] харавод,[3]
Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзецца мой звон ад вакон да вакон,
Душы збудзіць, па сэрцах удара,[4]
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
Заварушацца яры, папары.
На мой кліч вечавы, хто жывы, чуць жывы,
Пад гарою касой загамоне.[5]
Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу
На прывольле, на ўродныя гоні!
За гарой за другой дам жывы вадапой,
Жыватворнае кожнаму зельле;
На нязьлічаны час па нягодах папас
Усім тым, што цярпяць і цярпелі.

  1. Пагляд — твар.
  2. Русіц. — склічу.
  3. Таксама — карагод.
  4. Провінц. — ударыць.
  5. Таксама — загамоніць.