Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ціхаму кроўнаму полю
Сьлёзьмі абмытай зямлі
Вызваньце лепшую долю,
Лепшыя скарбныя дні!

Сьцежку хутчэй ідэалу![1]
Квецься, палай, хараство!
Куйся, зарнічная хвала,
Вечная радасьць, дабро!

Ліра пяе ў няпрывеце;
Жаліцца лірнік адзін;
Гэй-жа, далей з беспрасьвецьця!
К сонцу з пакутных нізін!

|}


Адгукніся, душа!..

Адгукніся, душа, песьняй звонкай грымні!
Няхай песьня з віхрамі памчыцца;
Ў братніх сэрцах няхай разгарацца агні,
Думы новай пальлюцца крыніцай.

Ад зары да зары па радзімай зямлі
Зацяганыя людзі снуюцца,
І чаруюць яны, рэдка шчасны[2] калі
З чорнай доляй змагаюцца, б’юцца.

З іх жыцьця бяз жыцьця, з іх бядот і цямнот
Карыстае бязпуцьце, як можа;
І ніхто-ж не жалее, як вечных сірот,
Ні свой брат, і ні Ты нават, Божа!

Жальбаў слухае іх толькі шум баравы;
На іх мукі глядзяць толькі зоры.
Адгукніся-ж, душа, на іх стогн векавы,
Задрыжыце, даліны і горы!


За годам год.

За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што плесьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход[3]
За родам род, за годам год.

На ўсход, на сход ідзе — брыдзе
У чарах — снох, у злыбядзе…
Канца ні ў чом, канца нідзе,
На ўсход, на сход брыдзе — ідзе.

За бытам быт, за стонам стон,[4]
За сьмехам сьмех, за сконам скон,
За векам век, за звонам звон,
За мглою мгла з усіх старон.

Ідзе — брыдзе за сьледам сьлед,
І ноч, і дзень, і цьма[5], і сьвет,

  1. Тое што зьяўляецца прадметам нашых імкненьняў.
  2. Шчасьлівыя.
  3. Заход.
  4. Замест стогн.
  5. Ужываецца больш — цемра.