Перайсці да зместу

Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск II.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А што яны нясуць на худых плячах,
На ў лапцях нагах, на ў крыві руках?[1]
— Сваю крыўду.

А каму нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды нясуць на паказ сваю?
— На сьвет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несьць[2] наўчыў,[3] разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.

А чаго-ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца!

|}


З зборнікаГусьляр“.

Гусьляр.

Гэй, гусьляр, гусьляр!
Ты удар, удар
Па струнах-званах,[4]
Дай нам з песень дар,
Дум вялікіх чар,
К сонцу зорны шлях,
Дай, гусьляр, гусьляр!

Дзе залёг абшар
Курганоў-ахвяр,
Сей, засей прасьвет.
Ты — слуга і цар,
Ты дудар-званар, —
Чуе, знае сьвет…
Эй гусьляр, гусьляр!

Перавалы хмар,
Цемру, зводы мар
Выжый звонам струн;
Як вялік і стар
Сьвет, зямлі папар,
Ты ад гумн да гумн
Запануй, гусьляр!

Дай паходням[5] жар,
Лінь жыцьцё ў бор-яр,
Ня мінай вакон;
Строй ваякаў шар,[6]
Кроў сагрэй, як вар,
Сказам новых дзён…
Грай, будзі, гусьляр!


Жальцеся, грайкія струны.

Ліра зьмірае ў спакою,
Губіцца струнавы звон;
Лірнік чапніся рукою —
Творыцца песень мільён.

Жальцеся, грайкія струны,
Рэхам разходзьцеся ў даль!
Гэткі сьвет ярмен[7] і сумны,
Гэткі паношыцца жаль!

Сэрцу нясіце злягчэньне,
З пут вызваляйце душу,
Новыя лійце праменьні
Ў сонную быта глушу.

Лійце прызыўныя чары,
Жыўчую[8] думкам ваду,
Высельце буднасьці мары,[9]
Духаў благіх чараду.

  1. Няправільны зварот, лепш — на нагах у лапцёх, на руках у крыві.
  2. Лепей — нясьці.
  3. Прав. — навучыў.
  4. Правільней — званох.
  5. Запалены смаляк, наагул рэч для паленьня пры паходзе, урачыстасьцях.
  6. Рад.
  7. Пад’ярэмны, зацісьнены.
  8. Жывучую.
  9. Полён. — лятункі, лятуценьні.