Жонка ня ўтрывала і пачала распытываць Андрэя.
— Ат, ня дуры ты мне галавы! — адмахнуўся Андрэй.
— Ну, ці-ж ёсьць у цябе розум? Навошта-ж было іх сеч? Каму з гэтага карысьць?
— Чорту лысаму! — сказаў Андрэй.
— Толькі-ж чорту… Хіба іх агледзеў хто? — не адступалася жонка.
— Во дзе яны ў мяне сталі, дубкі гэтыя — сказаў Андрэй і паказаў рукой на горла. — Чалавека вось выгналі з-за іх, а ты…
— Дык ты вярнуў яго гэтым?
Андрэй не знайшоў, што сказаць, маўчаў.
VII.
Яшчэ больш заблутаўся Андрэй. Толькі цяпер ён праканаўся, што кідаць дубкі ў ваду была дурная выдумка. І праўда: ці вярнуў ён гэтым Максіма на месца? Ці дастаў сабе спакой? І ласьне можна адкупіцца ад сумленьня тым, што ён пакідаў у ваду дубкі? — „Дурань я“, — думаў Андрэй, трасучы карове трасянку.
Ухадзіўшыся, Андрэй вышаў на вуліцу. Во, ужо колькі дзён ён староніцца ад людзей і жыве толькі сам сабой, сваімі думкамі, каторыя так моцна[1] стамілі яго душу. У сяле, у тым яго месцы, дзе вуліца выходзіць к Нёмну, стаяла даўней старая карчма. Гэта карчма, бывала, бітком была набіта людзьмі. Сюды сходзіліся і ў радасьці і ў горы; тут была гарэлка, каторая, як кажуць знайкі па часьці выпіўкі, была і крапчэйшая, і таньнейшая, і шмат прыямнейшая ад цяперашняй манаполькі. Во, па старой памяці, сюды ўсё яшчэ цягнула сялянаў гэта месца, дзе стаяла калісь карчма, ад каторай застаўся адзін толькі падмурак; і тут стаялі яны, усунуўшы ў зубы цыбукі і схаваўшы рукі ў рукавы кажухоў, пад адкрытым небам. І гэтым разам былі тут мужчыны, і сярод іх ішла сур‘ёзная гутарка. Андрэй стаяў здалёк адзін і не адважываўся падыходзіць бліжэй. Раптоўна ён задрыжэў: у гэтай кучцы сялянаў быў Максім Заруба. Андрэй быў павярнуўся, каб ісьці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі. Патаптаўшыся момант на адным месцы, ён зноў павярнуў назад. Максім стаяў і штось гаварыў. Аб чым ён гаворыць? Андрэй ня мог больш працівіцца жаданьню ведаць, што гаворыць загублены ім чалавек, і ён пашоў. Яму паказалася, што людзі глядзелі на яго так, як-бы ведалі ўсю справу з дубком. Андрэй прывітаўся з сялянамі агульным „дзень добры“, а Максіму працягнуў руку і нясьмела сказаў:
— Здароў, Максім!
— Здароў, брат Андрэй! Ну, Андрэй, — сказаў Максім: прымай, брат, у падсуседзі.
Сэрца ў Андрэя так і апала: няўжо Максім ведае, што ён, Андрэй, сьсек дубок? — чаму загаварыў аб падсуседзтве? Не! каб ведаў, то наўрад-бы падаў яму руку, ня толькі што зьвярнуўся-б да яго з такой мовай.
— За вошта-ж, брат, цябе выдалілі? — спытаў замест адказу, нібы то нічога ня ведаючы, Андрэй.
— Тырчэў на дарозе пень, пакуль за яго не чапляліся, а сталі чапляцца, — пню ня стрымацца.
— Дык не за дубок адказалі ад месца?! — з жарам спытаўся Андрэй і вочы яго прасьвятлеліся.
- ↑ моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.