VI.
Як толькі настаў вечар і добра сьцямнелася, а людзі крыху аціхлі, Андрэй ізноў пашоў у хлеў, адгарнуў гной і павыносіў дубкі на дрывотню.
Відаць, Андрэй нешта надумаўся. Прыхіліўшы дубкі да сьцяны, Андрэй доўга пазіраў на іх. Хвацкія дубкі. Важнецкія вышлі-б сьпіцы для колаў. А паліцы на сохі!.. На момант Андрэй забыўся аб тым, чаго ён прышоў; пасьля ўзяў самы таўсты кавалак дубка, палажыў яго на плечы і панёс у Нёман. Гэта была яго ахвяра сумленьню, гэтым хацеў ён выкупіць свой грэх прад Максімам і вярнуць спакой душы. Нясучы дубок, Андрэй раздумываў над тым, ці добра ён робіць, ці ёсьць тут які-небудзь толк. Колькі разоў ногі яго ішлі павальней, ён азіраўся назад — ці ня лепш вярнуцца, ды зноў схаваць іх?
— Э! — сказаў сам сабе Андрэй: — збуду з галавы гэты клопат, раз пакончу з гэтым ліхам!
І борзда пашоў на бераг Нёмну. Апусьціўшы павольна дубок, Андрэй узяў яго за адзін канец, а другі апусьціў у ваду. Нёман зараз-жа падхапіў яго на свае плечы, і Андрэй адразу пачуў, як яму стала лягчэй у руках. Тут ён з усей сілы стаўхануў камлюк на ваду. Дубок стралой панёсься на сярэдзіну, і толькі гладзенькая палоска вады абазначылася яго сьледам і ён прапаў у халодных і чорных ад змроку хвалях Нёмну.
— Якому-ж лысаму чорту гатаваў я гэты дубок?! — крычала нешта ў Андрэю. Для каго я выпакутаваў яго сваёй крывёй? Хто спажыве боль мазалёў маіх? — І Андрэй забегаў па беразе Нёмну. Бягучы, Андрэй папаў у вырытую свіньмі яму і ўпаў, ляпнуўшыся жыватом на халодную і мокрую зямлю. Падняўшыся, ён зноў пабег. Во і гак.[1] Але ноч была такая цёмная, што нічагусенька ня было відаць. На другім беразе глуха шарасьцеў вецер у сухіх лозах і чаротах. Халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпывала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх… Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пашоў да дому. Раз пачаў, — трэба канчаць. Усё роўна, не на карысць яму вырас гэты дубок. Андрэй узышоў на свой двор.
— Андрэй: гэта — ты? — аклікнуў яго голас.
— Я! — аказаўся Андрэй.
— Дзе цябе чэрці душаць? — спытала сярдзіта жонка, — вячэра даўно стыне!
— Чорт яе ня возьме, тваю вячэру, — адказаў Андрэй і палажыў на плечы два кавалкі дубу.
— Куды ты іх валачэш?
— Не табе ведаць.
Жонка змоўкла, а Андрэй зноў пашоў на бераг. Ён быў злосны і шоу борзда, а жонка назіркам ішла за ім. Яна зацікавілася, куды нясе Андрэй гэтыя дубкі. Спыніўшыся на беразе, Андрэй пакідаў абодвы кавалкі ў ваду. Жонку ўзяў нейкі страх. Ні слова не гаворачы, яна пабегла да дому. Ёй здалося, што Андрэй зьвіхнуўся з розуму.
Праз паўгадзіны Андрэй вярнуўся. Моўчкі зьняў ён шапку, расьперазаўся, павесіў сьвітку і сеў за стол.
- ↑ Вучастак зямлі, луг.