Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аднак, слухі[1] хадзілі аж за прошлую[2] зіму, што Зялёнка трушлася, што выбягала, спацеўшы, ў аднэй сарочцы на мароз, усё каб набавіцца якой ліхой хваробы. І што цяпер толькі супакоілася, калі мэта стала ясьней…

Зялёнка вельмі скрытная дзяўчына. „Якая ты цяпер высокая стала за апошні год!“ — дзівуюцца таваркі. „А бывае, што ў апошні год жыцьця людзі падрастаюць, толькі мо’ ня ў рост“ — горка дакончыць таварышак гутараньне Зялёнка і чуць-чуць усьмяхнецца куткамі спаленых губ. Чорныя косы далікатна адбіваюць дробны тварычак. У падсінеўшых кругох вочы блішчаць двама распаленымі вуглямі „Наша Зялёнка, быццам ня з гэтага ўжо сьвету“, — перапалохаўся Мацюк-мэдык[3], спаткаўшы Зялёнку ў сталовай. „Зялёначка, мілая, я прыду, цябе паслухаю“. — „Прысьці прыдзі, калега, але я не сьпявачка, каб вы мяне слухалі“.

— „Ну-ну, Зялёначка, перцу сёньня за шмат зьелі“. І дахтарчук адышоў, як змыты.

Зялёнка блізка што заўсёды задумана, часта не зразу адкажа, калі яе спытаеш: „Зялёнка, дзе ты? Часам смутна зажартуюць курсісткі. „Тут пры вас“, — ціханька адкажа, прачнуўшыся ад задумкі, „Ой, Зялёначка, Зялёначка! — ты зусім вышла з каляіны нашага будняга жыцьця. Усё недзе блукаеш за сьветамі“.

„Ды што з вамі? працую, як усе вы, ем яшчэ больш за вас, сплю, сьмяюся… А што цяпер задумалася, так аж сорамна прызнацца да такой глузьдзячыны[4]; глянула праз вакно на асеньні дзень, ды гадаю, ці ўжо ў нашай старонцы лісьце з дзераў асыпаліся, ці яшчэ не, бо ў нас восень пазьнейша“.

Вось-це на, куды Зялёначка паехала! Грачыха[5] цьвіце, што аж у лябораторыі пахнець, а яна: „ці лісьце ўжо апала. Яшчэ прыдзе пара на холад… Рыхтуй толькі футра“: нібы сьмяюцца курсісткі з Зялёнчыных думак, але добра разумеюць, што гэта значыць; „ці лісьце апала“, бо як пыталі дохтара, то сказаў дабітна, што пэўна восені не ператрывае[6].

Паўтары нядзелі Зялёнка не паказалася на лекцыях[7]. Закраталася маладзёж[8], што станцыя[9] ў Зялёнкі сырая, і цёмная, што ня кожны дзень Зялёнка абедае.

У суботу ў Зялёнкі бітком набіта. Зялёнка сьпярша ляжала, а пасьля ня вытрымала і ўстала. Усе такія ласкавыя, вясёлыя, блізкія, што аж міла глядзець — радня раднёй! Зялёнка крыху сланяецца, але ходзіць, загаварвае з кожным. П’юць гарбату, сьмяюцца. Але сьмех нейкі недасьмеяны, гоман не дагамонены. Цень скрытага смутку то тут, то там мільгне праз вочы гасьцям. Усе могуцца[10] на вясёласьць. Гутарка чапляецца сяго-таго. Украінец Хведарчук на’т бандуру[11] прывалок. Рыжаватая чупрына аж па струнах вехаціць[12], а ён выкідвае рамёнам[13], запяваючы: „Ах мамка, мамка, на шчо мяне народыла?..“[14] так галосіць шчыра, што быццам запраўды сірата ўбіваецца на памінках роднай мацеры[15]. „І я шкадую, калега, што цябе

  1. Рус. — чуткі.
  2. Лепей — мінулую.
  3. Студэнт, які вучыцца на мэдыцынскім (лякарскім) аддзеле, наагул чалавек, заняты па лякарскіх справах.
  4. Недарэчнасьці.
  5. Ужываецца і — паганка.
  6. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  7. Выклад прафэсара; нейбольш ужываецца ў адносінах да вышэйшай школы.
  8. Больш ужываецца — моладзь.
  9. Пакой.
  10. Сіляцца.
  11. Музычны струмант.
  12. Зьвісае.
  13. Полён. — плячом.
  14. „Ах, матка, метка, на што мяне нарадзіла?“
  15. Расейск. форма, пабеларуску — маці.