Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэта адзін з лічных псэўдонімаў Алёізы Пашкевічанкі (потым Кейрысіхі). Іншыя псэўдонімы — Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацку — ведамы меней. Яе талент закрасаваў першым у радзе беларускіх сялянскіх пісьменьніц і ад’значыўся ўсімі рысамі, ім належачымі.

У творчасьці яе разрозьніваюць два пэрыяды: рэвалюцыйны і чыста нашаніўскі.

Цётка.


Цётка.

У першым пэрыядзе амаль выключна адбіваецца сьвядомы бунт асьвечанае сялянкі проці царскага самаўладзтва. Гэта было дапаўненьнем яе грамадзка-палітычнае працы між сялянамі вёскі і работнікамі Вільні і Нова-Вялейску.

У другім пэрыядзе Цётка ад рэвалюцыйнага патосу перайшла да будзённага й ціхага выліваньня скаргаў сваіх братоў аб іх горы.

Пісала вершам і прозай Верш яе ня ўсюды гладкі, не апрацованы з тэхнічнага боку. Але гэта тлумачыцца тым, што ў бегу рэвалюцыйных падзеяў яна ня мела часу на яго апрацоўку. Затое яе верш заўсёды сільны з ідэйнага боку, таксама, як і проза. Творы яе друкаваліся ў „Нашай Ніве“ і другіх выданьнях. Асобнымі кніжкамі выйшлі:

1. „Скрыпка беларуская“ — Львоў, 1905 г., зборнік вершаў;

2. „Хрэст на свабоду“, — Львоў, 1905 г., таксама.

Апроч таго Цётка выступае як пэдагогічка, вучыцелька і выдала „Першае чытаньне для дзетак-беларусаў“, Вільня, 1906 г.

Цётка радзілася ў сям’і селяніна Лідзкага пав., Віленскай губ., вучылася ў гімназіі ў Вільні, а потым змушана была ўцякаць за граніцу, у Аўстрыю. Там дакончыла сваю асьвету на гістарычна-філёлёгічным факультэце спачатку Кракаўскага пасьля Львоўскага унівэрсытэту. Там-жа выйшла замуж за Кейрыса і, перамяніўшы прозьвішча, змагла вярнуцца дамоў. Жыла ў Петраградзе, Менску й Вільні, працуючы ўва ўсіх галінах беларускага грамадзкага жыцьця. Памярла ў 1916 годзе.