Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Іш[1] ты падласы, які ласун! Нябось, не спазнаў гаспадара.

— Вон пашоў! — крыкнуў пан, выскачыўшы з-за стала.

— Быську, быську, — стаў усьцішваць Язэп разгневанага пана, але той рынуўся на яго з кулакамі.

Язэп, доўга не чакаючы, закінуў на пана пастронак, зацягнуў яго, ды давай акладваць пугай…

Няма ведама, чым-бы гэта скончылася, каб ня зьбегліся на крык людзі і не абаранілі пана.

З зборніка „Васількі“.

Зарабляюць.

Мамку — дык закапалі на могілках, пры горадзе; не на самых, праўда, могілках, але так, крышку з боку, за плотам, бо казалі, што яна неяк ня зусім так, як трэба для могілак, памірала.

Татку не давялося бачыць. Ганулька — сястрычка, значыцца, мая — казала, што як была маленькая, а мяне яшчэ на сьвеце зусім ня было, — дык разы са два бачыла. Нішто, казала, хоць старэнькі, але добры быў: грошы, а то й цукеркаў, бывала, прыносіў і надта пекную[2] пахучую адзежыну меў на сабе. Але я так і ня бачыў яго: на пахавунак мамкі ён ня прышоў. Чаму? Ня ведаю.

Як мамку хавалі, мне было гадоў восем; Ганулька бралася пад чатырнаццаць.

Пры мамцы жылі мы ў пекным мураваным доме; дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька, быццам у зямлі. Так, бывала, сьмешна глядзець праз ваконца: толькі ногі — міг-міг, а то іншыя — шлёп-шлёп, але толькі й відаць ногі, як-бы людзям галоў і ня трэба было…

Жыць было добра, спакойна, і гульні свае з Ганулькай мелі. Зімою, напрыклад, у вялікі мароз, на вакне (адно яно было ў нас) такія бывалі пекныя кветкі, што так і глядзеў-бы цэлы дзень на іх, а Ганулька возьме вугальчык дый ім на сьцяне такія самыя кветкі навядзе, — якраз такія самыя, толькі тыя былі белыя, а гэта чорныя… Або, іншым разам, з вакна вада стане капаць, — вось якраз, як часта бывала з вачэй мамчыных: такая перш маленькая капелька, а пасьля яна неяк пухне, пухне і зробіцца вялізарная, бліскучая й… кап! а потым другая, трэцяя, але таксама памаленьку: кап… кап… кап… Толькі, помню я, раз мамчына капелька ўпала мне на твар, дык такая цёплая была, ажно гарачая, а тыя, што з вакна капалі, дык іншым разам замярзалі ў доўгія, доўгія сасулькі; тады мы з Ганулькай аддзіралі іх і гулялі ў крамніка, што цукеркі прадае.

Здаралася ня раз, што есьці надта[3] хацелася, а мамка ня прыносіла (мусіць часу ня мела), дык затое яна як пачне нам гаварыць, як пячне, а так умела пекна[2] гаварыць: як птушачкі божыя — такія маленькія, бедненькія, а страхі над сабой ня маюць, а мы маем; як іх вецер праймае, а да нас не дабіраецца; як яны галодныя спаць са-

  1. Русіц. — вишь, видишь; пабеларуску — бачыш, бач
  2. 2,0 2,1 Полёнізм, пабелар. — харошую, прыгожую.
  3. надта, натта — выглядае на полёнізм — nad to. Пры другой ступені прыраўнаньня — беларусы ўжываюць „над“ таксама, але больш усяго — „за“. Слова — надта — лёгка замяняецца ў беларускай мове словам — вельмі.