Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня толькі жыдоўскага прамысловага пролетарыяту, але й рабочых фаб­рычнай прамысловасьці Беластоку, Лодзі і Варшавы. На тэрыторыі Бе­ларусі, да ўтварэньня адзінай нацыянальна-політычнай організацыі Бунду, было нямала сацыялістычных гурткоў і організацыяў, дзейнічаўшых са­мастойна і ня меўшых ніякае сувязі паміж сабою. Неабходнасьць аб'яднаньня выразна сазнавалася ўсімі дзеячамі раньняга жыдоўскага руху. Фактычна да 1895 г. усе жыдоўскія організацыі былі ўжо зьвязаны па­між сабою так, што Бунд, заснованы ў кастрычніку 1897 г. на першым зьезьдзе ў Вільні, фактычна зацьвердзіў і замацаваў тое аб'яднаньне, якое да гэтага часу ўтварылася ў сілу стыхійнага руху і салідарнасьці і коордынацыі дзеяў з боку асобных жыдоўскіх рабочых організацыяў і гурткоў. Зрабіўшы голаву рабочаму руку, Бунд дадаў апошняму тую спаянасьць і моцнасьць, чаго раней рух ня меў, і выступіў пад сьцягам нацыянальна-політычнай ідэолёгіі, якая была спаткана спачуваюча жыдоўскім пролетарыятам. Програма Бунду зьмяшчала ў сабе два важных для жыдоўскай рабочай масы моманты: нацыянальны й экономічна-політычны. Бунд імкнуўся весьці жыдоўскі пролетарыят да нацыянальна-куль­турнага адраджэньня й політыка-экономічнага вызваленьня. Пакуль Бунд акрэп і падчыніў свайму ўплыву жыдоўскі рамясловы, а часткаю прамысловы пролетарыят, яму прышлося здалець нямала стаяўшых на яго шляху перашкод. У жыдоўскім рабочым руху быў моцны экономізм. Трэба было весьці з ім барацьбу, трэба было рашуча і ўпэўнена выступіць супроць яго. Перамагчы Бунду экономізм і зьвязаны з ім аполітызм было ня так цяжка. Апошнім момантам у гэтай барацьбе было ўтварэньне ў Менску „Незалежнай жыдоўскай рабочай партыі“, якая зьявілася водгукам зуба­таўшчыны ў Маскве, але Бунду ня трэба было асаблівых напружаньняў, каб разьвянчаць перад вачыма ўсіх жыдоўскіх рабочых масаў апошнюю і гэтым самым раздавіць раз назаўсёды экономізм і перайсьці да новае тактыкі к барацьбе за нацыянальна-політычнае вызваленьне жыдоўскае рабочае клясы. Экономістыя й незалежнікі атрымалі поўны крах у сваёй дзейнасьці. Рабочая кляса выйшла з сфэры іх уплыву. Адбыўшыся пералом ужо яскрава апазнавала пятая конфэрэнцыя Бунду, якая сабра­лася ў жніўні месяцы 1902 г. Рэзолюцыя гэтае конфэрэнцыі настойна радзіць: 1) весьці барацьбу ва ўсіх слаёх рабочае масы, а не ў якім-не­будзь адным слою, у залежнасьці ад ступені яго сузнаньня й організаванасьці, а таксама выклікаць сярод грамадзянства рэволюцыйныя протэсты супроць самаўладства й падтрымаць гэтыя протэсты, 2) што соцыял-дэмократычная пропаганда й агітацыя ў рабочай клясе павінна весьціся ня толькі на грунце яго профэсыянальных і экономічных інтарэ­саў, а таксама й на грунце соцыяльна-політычнага становішча пролета­рыяту ў капіталістычным строю наогул і ў нашым самаўладным гаспа­дарстве ў асобку, а таксама выключнага становішча пролетарыяту прыг­нечаных нацыяў. Бунд не адмовіўся ад кіраўніцтва экономічнай бараць­бой, але лічыў, што „комітэты й другія нашы рэволюцыйныя організа­цыі, зусім не адмаўляючыся ад кіраўніцва экономічнай барацьбой, павінны ў сваёй дзейнасьці коордынавацца з агульнымі інтарэсамі ўсяго рэволюцыйнага пролетарскага руху і, значыць, глядзець на сябе, як не на прадстаўнікоў профэсыянальных організацыяў, а як на рэволюцыйныя організацыі, праводзячыя ў жыцьцё прынцыпы міжнараднай рэволюцыйнай соцыял-дэмократыі“. Рэзолюцыя пятае бундаўскае конфэрэн­цыі пахавала непасьпеўшую расьцьвісьці жыдоўскую Незалежную Рабо­чую партыю, комітэт якое ад пятага лютага 1903 году прызнаў