Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адвечнае змаганьне Расіі з Польшчай з-за Беларусі скончылася ў XVIII стагодзьдзі перамогаю першай. Шляхецка-польскае гаспадарства перастала існаваць. Тры суседнія імпэрыялістычныя драпежнікі падзялілі яго па часткам, і Беларусь, як узнагарода пераможцы, адышла пад Ра­сію. Праніканьне польскага зямельнага капіталу на Беларусь, памалу, але няўхільна вяло да опозыцыі тую групу жыхарства, якая трымала ў сваіх руках значную частку беларускага ўласьніцкага капіталу. Прамысловы капітал, часьць якога знаходзілася ў жыдоўскіх руках, быў вельмі слаба разьвіты. Зямельны капітал, трымаўшы ў сваіх марках усю дзяржаўную ўладу, паставіў прамысловы капітал у такія ўмовы, пры якіх таргова-прамысловая кляса ня мела мажлівасьці як для свайго пляновага й сы­стэматычнага экономічнага разьвіцьця, таксама і для ўзмацненьня свайго політычнага ўплыву; аднак яго ўплыў на буржуазію быў ня так моцны, каб прывесьці беларуска-жыдоўскае гарадзкое жыхарства да апалячаньня. Земляробская кляса, юрыдычна зьвязаная з земляўласьнікамі паншчынаю й воражна настроеная да сваіх уладароў, не паддавалася полёнізацыі і захоўвала ў чыстаце й недатычнасьці свой нацыянальны твар. Расійскі зямельны капітал, які даўно накіраваў свае драпежныя прагавітыя жа­даньні на Беларусь, і дасягнуўшы добра спрыяючых для сябе вынікаў у канцы XVIII стаг.. быў настроен воражна да польскага зямельнага капі­талу, як свайго конкурэнта. Гэта конкурэнцыя двох зышоўшыхся нацы­янальных зямельных капіталаў, пацягнула за сабою й нацыянальную барацьбу, цалком і ўсебакова падтрыманую царскім урадам. Зямельны капітал Расіі ў сваім імкненьні ад цэнтру к пэрыфэрыі, ад старых маскоўскіх абшараў к тэрыторыям, увайшоўшым у склад расійскага гаспа­дарства прыкладна ў больш позьні час, выявіў тэндэнцыю заняць усюды пераважнае месца з падчыненьнем сабе жыхароў тэй тэрыторыі, у якую гэтаму зямельнаму капіталу ўдавалася пранікаць. Гэтыя экономіка-політычныя імкненьні дваранскага зямельнага капіталу, падтрыманыя ўрадам, давалі мажлівасьць глядзець на вельмі стрыкатую ў нацыянальных адно­сінах тэрыторыю Расійскай дзяржавы, як на адзіны нацыянальны політычны організм, у каторым велікаруская люднасьць займала пераважнае месца. Гэтае замацаваньне дваранскага зямельнага капіталу знайшло адбітак у сымболічнай формуле „Россия для русских", формуле, меўшай вялічэзнае політыка-практычнае значэньне, бо неабходнасьць практычнага ажыцьцяўленьня яе мела за сабой цэлы шэраг першаступянёвай важ­насьці заканадаўчых мерапрыемстваў. Расійскі зямельны капітал, досыць глыбока пранікшы на тэрыторыю Беларусі ў першай палове мінулага стагодзьдзя, у сваім зьдзейсьненьні нацыянальнай програмы, зышоўшыся з польска-беларускім шляхецкім зямельным капіталам, павінен быў ад­несьціся воража да ўсякага выяўленьня нацыянальнага жыцьця, бачачы ў