Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВІЦЕБСК.

Попутчік“.

„Попутчік“ сядзеў перад люстэркам з брытвай у руцэ. У хаце апрача яго нікога ня было. Дзякуючы гасьціннасьці свайго прыяцеля, дырэктара ўрадавага віцебскага тэатру, попутчік у яго закватэраваўся.

— Што за ліха! — думаў попутчік, саскрабуючы брытвай валасы з твару. — Якая дзіўная штука! Калі я запрапанаваў спаткаць новы год у рэстаране, акторы глянулі на мяне з такім жахам, быццам я сказаў нешта недарэчнае. Відаць, што ў гэтай старонцы людзі п’юць хаваючыся.

Або з гэтымі порткамі! Дык-жаж пасьля майго прыезду з Вільні ніводзін з іх не прайшоў міма, не памацаўшы мяне за нагу і ня спытаўшыся, якая цана гэткіх парток за граніцай. Узапраўды, дзіўна яны тут апранаюцца. Жанчыны ходзяць у мужчынскіх шапках, мужчыны носяць нейкія каляровыя хламіды.

Попутчік пачаў мазаць другі раз твар мылам, як раптам зазьвінеў званок.

— Каго там нясе?..

Увайшоў нейкі незнаёмы.

— Выбачайце, калі ласка, што перашкаджаю.