Старонка:У зімовы вечар (1910).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МІКУЛА. /Панура/. А ты, братко, скуль ведаеш, як там было?

БОНДАР. Гэта праўда! Скуль ведаеш?

АЛЯКСЕЙ. Нешта, ваша, надто ўжо добра ўсё ведаеце аб гэтым Рысю.

НАСТА. Можэ вы, міленькі, бачылі яго калі?

ПАДАРОЖНЫ. /Разам прыцішаючы голас і корчучыся/. Ды гдзе-ж бы я яго бачыў? З Немеччыны іду. Ведаю то ведаю; чуў. Людзі казалі… Але бачыць… скуль-жэ я?..

АЛЯКСЕЙ. А шкода, бо як бы бачылі яго, то і нам бы сказалі, як ён выгледае.

ПАДАР. /Пасьпешна/. Чуў… Казалі… што нізкі, лысы, аднавокі. На што вам ведаць, як ён выгледае?

АЛЯКСЕЙ. Лягчэй было-б, калі што, злавіць. Вот, каб я яго злавіў, сам бы скуру сваімі рукамі зьдзер бы с плячэй!

ПАДАР. /Кепкуючы/. Фі-Фі! Такі малады, а ўжо маніцца скуру зьдзіраці з людзей…

АЛЯКСЕЙ. Ды што, што малады, але нікога ня скрыўдзіў. Шкадаваць ешчэ такога… Ой-ой-ой! Так бы я яму скуру злупіў, што га-а-а! Нехай другіх не забівае.

АЛЕНКА. Ціха, Аляксей, не крычы так!

АЛЯКСЕЙ. Вот-жэ буду крычаць. Каб яму так дабра не было, як ён безвінных людзей пагубіў.

ГАНУЛЯ. Ахці мне! Можэ і цяпер забіваць пачне?