Гэта старонка не была вычытаная
Бо селькор мне гэтак піша:
„Ёсьць у нас такі гурток,
Што ад картаў ледзьве дыша —
Пратрубіўся да парток!
Самы першы з іх ґуляка —
Гэта неякі Стэфан:
Ў гаспадарцы — разьзявяка,
А у картах — капітан!
Ён часьценька прайгравае,
Але жонка — ані у лоб,
Што з грашыма — не пазнае,
Бо ён хлусіць, як той поп.
Раз-дай памяці — здаецца,
Тры рублі на соль ён узяў
І за вечар, як вядзецца,
Туды-сюды расхістаў…
Заўтра зрана жонка кажа:
„Зьбегай, Стэфачка, па соль!“
А Стэфан, як лыка вяжа,
Вочы вылупіўшы ў столь:
„Я хадзіў, але няўдача —
Мусіць кепскі выпаў дзень:
Грошы ўсе згубіў — ня йначай
Праз дзіравую кішэнь!“
Ой, браткі мае, даволі
У брыдзе карцежнай жыць,
Бо ніколі к бульбе солі
Вам ня выпадзе купіць!