Старонка:Уступамі да Акцябра.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адно з цікавых выступленьняў гэткага роду адбылося ў канцы траўня 1917 г. на сходзе беларускіх прадстаўнікоў першага сялянскага зьезду ў вялікім тэатры народнага дому ў Пецярбурзе. На гэтым зьезьдзе, адчыненым у траўні, дэлегаты ад беларускіх губэрняў аб'ядналіся ў адно зямлячаства, ад якога й вялі выступленьні на сялянскім зьезьдзе. Аб’яднаньне мела вялі­кую сілу, налічваючы за пяцьдзесят чалавек, і выступала ад беларускага працоўнага народу ў кірунку эсэраўскай праграмы. Амаль ня ўсе аб’яднаныя былі з’агітаваны эсэрамі і ў сэнсе нацыянальнага пытаньня трымаліся абаронцамі поўнага ігнараваньня беларускага руху, ці ў крайнім разе, вобласьнічаскага погляду. Гэта давала козыр у рукі эсэрам і меншавіком, якія, бачачы «благонадежность» у нацыянальным пытаньні «прадстаўнікоў» беларускага сялянства, пасьмейваліся над патрабаваньнямі Бел. Сац. Гр. Запраўды сярод беларускіх дэлегатаў зьезду сялян было няпрыметна; увесь склад быў з афіцэраў, чыноўнікаў, настаўнікаў і іншых дробна-інтэлігэнцкіх элемэнтаў. Усё-ж, каб паперашкодзіць іх антыбеларускім выступленьням, на нарадзе ўправы цэнтральнай організацыі Бел. С. Гр. з прадстаўнікамі раённых організацыяў, ухвалена было пайсьці да «беларускіх» дэлегатаў сялянскага зьезду й перагаварыць з імі аб наладжаньні сумеснай працы на падставах праграмы Бел. С. Г. Найбольш налягалі на гэтым пуцілаўцы, якія выдзелілі ад сябе чатырох чалавек у дэлегацыю для перагавораў. Ад цэнтральнае організацыі далучылася трое, і ўсе семера грамадзістаў пайшлі ў народны дом. Там, якраз, засталі агульнае сабраньне прадстаўнікоў ад Бе­ларусі на сялянскім зьезьдзе. Дастаўшы дазваленьне зайсьці, пасланцы Гра­мады папрасілі слова і расказалі, зачым прыйшлі; разам з гэтым выказалі свае погляды на беларускае пытаньне ў шэрагу прамоў. Пры гэтым сябры Грамады ад рабочых нараўскае організацыі горача баранілі патрэбнасьць самавызначэньня беларускага працоўнага народу. Прамовы і запраўдныя рабочыя-грамадзістыя зусім нечакана для кіраўнікоў аб’яднанцаў-дзлегатаў сялянскага зьезду, раскалолі іх надвое. Меней з’агітаваная эсэрамі частка цалкам была на баку грамадзістаў і пляскала ў далоні іх прамовам. За­тое сьвядома-эсэраўская частка ўвайшла ў абурэньне і пачала ганіць і паганіць і беларускую мову, і беларускі рух, і беларускіх соцыллістых. «У мяне самога мякіна на языку, я сам селянін», расьпінаўся чыноўнік Пашкоўскі з Магілёўшчыны: «а нічога ніякага беларускага не прызнаю». Усьлед за ім пайшлі лаянкі і кпіны над прышоўшымі да іх ад Б. С. Г. Упарта, са шчырасьцю й гарачнасьцю ды ўмела аддавалі адбой эсэрам і эсэрствуючым сябры Грамады, рабочым. Спрэчкі зацягнуліся надоўга і мелі тое значэньне, што ў многіх ворагаў выклікалі спагаду да справы беларускага нацыянальна-культурнага руху ў яго належным вырашэньні.

Бяэумоўна, радыкалізм беларусаў-рабочых у справе нацыянальнай выходзіў з крыніцы іх радыкальнага погляду на ўсе пытаньні бягучага часу. Эсэраўства, якога так ня любілі пролетарскія элемэнты за яго згодніцтва з буржуазіяй, падпадала пад іх падозранасьць на кожным кроку. Ваюючы з русыфікатарскай політыкай эсэраў у нацыянальным пытаньні, сябры Б. С. Г. рабочыя-беларусы з няверай глядзелі на некаторых сяброў управы Пецярбурскае органіэацыі і Цэнтральнага Камітэту. Пасьля зьезду Б. С. Г. ў Пецярбурзе 4 чэрвеня, у Цэнтральны Камітэт папаў Я. Варонка і яшчэ дзьве правыя асобы, хоць яны мелі меншасьць і не маглі ўплываць на Ц. К., усе-ж у вачох райёных організацыяў Грамады яны былі стромка­му якія трэ’ было выняць з цела досыць левае Пецярбурскае гарадзкое організацыі Б. С. Г. З-за многіх прычын, па таму часу незалежных ад самае організацыі, ачысьціць яе ад правых соцыялістаў было немагчыма. Трэ’ было, мабыць, паступова даходзіць да політычнае дыфэрэнцыяцыі, каб