Старонка:Успаміны Лявіцкая Бадунова.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пад канец вечара мы ўжо добра зразумелі адзін другога, і доўга яшчэ ў позную ноч гаварылі і дзяліліся свамі думкамі.

На Усебеларускім Бежанскім Зьезьдзе.

Другі раз спаткаліся мы з Бурбісам на Ўсебеларускім Бежанскім Зьезьдзе, у Маскве. Зьезд гэты быў сабраны пад кіраўніцтвам вядомага беларускага дзеяча, Язэпа Васілевіча, пры блізкім удзеле А. Цьвікевіча, Ф. Турука і іншых беларусоў, якія жылі пад той час у Маскве, і жадалі дапамагчы сваім няшчасным уцекачом, раскіданым па ўсёй Paceі.

Добрая мэта зьезду надта зацямнялася непаразуменьнямі паміж беларускімі палітычнымі партыямі, якія зьявіліся на зьезд.

Бел. Сац. Грамада адразу папалася пад град абразьлівай падазрэннасьці. Пасьля маіх прамоў на зьезьдзе некаторыя маскоўскія беларусы пыталіся ў мяне пашпарт, каб пераканацца, ці я сапраўды праваслаўная, а не каталічка, падасланая езуітамі, як яны казалі.

Для іх вуха здавалася дзікім, што Беларусь—гэта не Расія, што беларусы, як нацыя, маюць права на вольнае незалежнае істнаваньне.

— Гэта правакацыя! Гэта правакацыя!—няслось з усіх куткоў. — Haшто нам здалася беларуская мова? Гэтая грамада пасланая палякамі! —

Бедныя людзі! Як горка было ім пасьля, калі яны ўбачылі сваю абмылку! Як сорамна ім было пасьля глядзець нам усім у вочы!

Алесь Прушынскі, які толькі што вярнуўся з ссылкі з Сібіры, цэлымі гадзінамі надрываў свае хворыя грудзі, каб пераканаць зьезд, што мы тут усе аднолькава беларусы, што мы ўсе роўна хочам шчасьця народу, хаця адны з нас каталікі, а другія — праваслаўныя.

Язэп Дыла стараўся ўсіх прымірыць, прывясьці к агульнаму паразуменьню.

А. Бурбіс, як і заўсёды, заставаўся верным сабе. Ён, як пярун, грымеў на ўсю салю. Здавалася, яго маленькая хвігурка некудысь счэзла, а толькі адзін голас, поўны гневу і моцы грыміць і пужае тых русыфікатараў, якія сумысьле зьявіліся сарваць зьезд, каб ня даць магчымасьці беларусам арганізавацца.

Бурбіс зьбірае нас на фракцыйны сход, ён дапамагае мне апрацовываць нашы партыйныя рэзалюцыі. У часы перарыву ён, як бура, носіцца паміх дэпутатамі зьезду і ўсюды чуецца яго голас:

— Гэта, гэта русыфікатары, чорная сотня, яны зноў хочуць Міколу ІІ на трон пасадзіць. Яны дапамагалі рускім царом душыць беларусоў, дык што ім трэба на гэтым беларускім зьезьдзе?

Толькі вялікая тактоўнасьць старшыні зьезду Язэпа Васілевіча, які горача стараўся прымірыць усе напрамкі, зрабіла тое, што з'езд не разваліўся, а дакончыў сваю цяжкую працу.

На вечарынцы.

Было гэта летам у 1918 г. у часы нямецкай акупацыі. Шмат людзей сабралася на маленькай кватэры Язэпа М. Былі тут і беларускія артысты, і пісьменьнікі, і палітычныя дзеячы.