Але новы пэрон і будынак адзін
шмат аб чым маім думкам гавораць:
руйнаваньне было, хай ня знаць тых гадзін,
хай ня знаць нам мінулага гора.
Чуе сэрца маё, думкі знаюць, што там,
кілёмэтраў за сем ад вакзалу,
дзе слупы і мяжы пагранічнае шрам,
там і сёньня ня збудуцца жалю.
Віснуць стогны і енк, разьліваецца плач,
над краінай забранай, закутай;
беларускіх сыноў расьпінае палач,
сыноў лепшых вядуць на пакуты.
Цісьне смутак душу, у абдымках тугі
узрастае напорнасьць і сіла.
Адыходзіць цягнік, ён ідзе аж туды,
за мяжу, дзе крыжы і магілы.
Дружа любы, чакай! Я хачу перадаць
прывітаньне ад вольнай краіны:
мы сягоньня ідзем Вызваленьне спраўляць
не загінулі мы, не загінем!
Прысьпяшае хаду — ня спыніўся цягнік,
я гукаю тады наўздагонкі:
— Закрычы на ўвесь сьвет, хай жалезны твой крык
да змаганьня абудзіць старонку.
Закрычы-загукай ва ўсе сьвету канцы,
Хай дрыжыць вораг люты трывожна:
над краінай вітаюць прадвесьня ганцы,
дык ня спынімся мы ў падарожжы!