Перайсці да зместу

Старонка:Урачыстыя дні (1930).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дык што тут дзіўнага, скажы? —
спытаў задзірліва таварыш:
— такія бачым міражы
на кожным скверы і бульвары.

— Чакай, чакай!.. ня шый паўшор,
бо ты яшчэ ня цалкам рымар,
прайдзем паціху ў калідор
і станьма тамка за дзьвярыма.

Падпёршы ў змрочнасьці сьцяну,
сьвідруем шчыліну вачыма.
Таварыш вушы расьцягнуў
і ловіць словы як магчыма.

Віно, закуска на стале
(відаць, вясёлая бяседа).
Адзін, каб чулі яго ўсе,
гаворыць ціха да суседа:

— Якім Абрамавіч, ты чуў? —
у нас ізноўку пастанова —
хачу таго, ці не хачу,
пісаць на беларускай мове.

— Ну, как вам нравится вопрос?.. —
Якім Абрамавіч узьняўся:
— Даволі нас вадзіць за нос!.. —
Зірнуў навокал і суняўся,

— Між намі кажучы, у нас
шмат ва ўстанове шовіністых;
што не карысна мо‘ для мас,
затое нам яно карысна.