*
Выбачайце, чытач, мой таварыш, такі неспакойны,
прапануе цяпер-жа пайсьці падзівіцца на Менск,
запрашаю і вас, апаўночы так ціха й спакойна,
вы пабачыце шмат найцікавейшых месц.
*
Апішам пагоду, як людзі, і мы
(вядома, у некалькіх словах).
Электра і зоры, і яркасьць зімы
былі у імгле каляровай.
Таварыш наставіў шырокі каўнер,
насунуў бахматую шапку,
сказаўшы пры гэтым на слуцкі манер:
— у вушы зрабіласа зябка.
Савецкая шумна гуляла ў кіно,
афішы былі за рэмаркі,
і людзі-артысты снавалі наўкол
пад бляскам электрыкі яркай.
Аб‘інеўшы, парамі, крокаў праз пяць,
Дрантвелі трамвайныя рэйкі.
Даклады заслухаўшы, йшлі будаваць
жыцьцё маладое з ячэйкі.
Дайшлі па Савецкай на Ленінскай рог,
таварыш тады мой і кажа:
— Гуляць па Савецкай адзін бы я змог,
калі-ж дасягненьні пакажаш?