— Што ты, дружа, такі заклапочаны сёньня —
пераблытаў вітаючы вечар і дзень.
— Не да жартаў цяпер, — беларусы ў загоне:
не знаходзяць ні праўды, ні долі нідзе.
— Пачакай, агляніся, правер, хто набаяў,
ты, напэўна, устаў не на тую нагу:
Беларусь называлі — западным краем,
а сягоньня яе Беларусьсю завуць.
— Мяне слова і назва ня могуць суцешыць,
будзь ласкавы і факты раскрый, пакажы;
сярод дзікіх балот багуністыя сьцежкі
і вялі і вядуць да бяздольнай мяжы. —
— Я люблю перагортваць старонкі гісторый,
разглядаць далячынь адышоўшых вякоў,
перамерваць у думках нізіны і ўзгор‘і,
што зраўнованы сёньня сыпучым пяском.
— Ты прыгледзься! На гэтай раўніне, як кропкі,
вырастаючы ў горы (Каўкаскіх ня менш),
паўстаюць у вялікасьці дні забастовак,
а на фоне — і Гомель, і Віцебск, і Менск.
— Чуткі ворага ходзяць па Менску бяз візы,
але праўды і ў чутках суздром не ўтаіць:
Менск стары, што калісьці стаяў на Нямізе —
іншы горад на Сьвіслачы сёньня стаіць.
— Гэты Менск — Беларусі-дзяржавы сталіца…
Ды ці варта пра гэта пісаць і казаць? —
Калі маеш ахвоту — будзь ласкаў дзівіцца,
дасягненьні бяруся табе паказаць.