Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

Мне кажуць: нудзіць лес згалелы,
І вецер песьняю жудлівай
Над нівай шэрай, амярцьвелай
Жуду пяе над соннай нівай;

Гракі крычаць, як б‘юць у труны
Цьвякі, каб ўзьдзець на доньнік века.
Жалейка льле нястрымным сумам,
І плача тым-жа сумам рэха.

Мне кажуць: гіне ўздым душэўны
Ў тумане слотным, ў хмарах шэрых,
Настрой ападае няпэўны,
Няпэўных думак будзіць шэраг.

Мне кажуць: восеньню завецца
Вось гэны вобраз, гэты тэрмін…
А я кажу: то вам здаецца,
То боль у вас сапсутых нэрваў.

Бо ў чым нудлівыя калёры,
Што сэрца ваша так сумуюць?
Ў зялёнай руні, што прасторы
Палёў раскінутых красуе?

Ў дажджы, што нівы разьвільжае
Ды глебу поіць жыўным сокам?
У хмарах мяккіх, што зганяе
Іх вецер рэзвы к нам здалёку?

Ці ў шоўку шамкім — ў пухкім лісьці,
Што лес разьдзеў і дол стаптаны
Старэнна ўбраў, гасьцінна выслаў,
А сам пяе зіме вітаньне?