Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧЫРВОНАЯ „РАДЗІМА“

I

случчына

Пасьвячаецца Язэпу Дыле

Распасьцерлася раўнінаю,
Стройнаю распрасталася…
Беларускаю Ўкраінаю
Не здарма ўсё-ж назвалася.

Лугам-поплавам мурожнымі,
Полем-нівамі ўроднымі,
Як сялянкаю заможнаю,
Пазіраеш ты, родная…

Паглядзець скрозь — неасяжная,
Вісьне неба — паземамі,
Шмат палеткі твае ўражая
Абсякала рука крэменем.

Йшлі грамадамі нязьлічнымі
Белапанскія коньнікі,
Руйнавалі нашчэнт, нішчылі
Хаты, поле і хвойнікі.

Дымам-полымем курылася
Праца цяжкая, чорная!
За свабоду шчыра білася
Вёска скрозь — непакорная.

І крываваю мяжынаю,
І крываваю стужкаю,
Пан граніцу ды раўнінаю
Пралажыў наўсьцяж Слуцкаю.