Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БУДАВАНЬНЕ

Зьлітна, згушчана, зьяднана,
Як цамэнтам, прагным пэнтам
Да змаганьня,
Будаваньня
Скалыхнулася грамада
Промэтэем —
Вяліканам!
І кранула
З громам, гулам
Нястрыманым
Вадаспадам,
Паднялася
Пяруновай агнявеяй!
І ўздыбіла
Перад намі
Прытаёнае вякамі —
Трохвярстовымі хібамі
Хваляй ўзбуранае мора…
Вочы ўгору!
Гучней стукі!
Зьлітна, згушчана, зьяднана
Пад націскам вялікана
Стогне-рвецца слой цалінны
Векавечнае дзярніны
Загартованым нарогам…
І грымоча бурна, строга
Раскалыханай грамады
Падлятаючае рэха
Волютворчага пасьпеху.