Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьнясу агонь я з высяй горных
У долы цёмныя нізін,
Ўвальлю цярпеўшым і пакорным
Пазываў сьветлых бацыльлін.

Дзе сон бацькоў хаваў нядолю,
Дзе змоўк дзядоў пладзіў прыгон, —
Разьвею я па вольным полю
Жыцьця сьвядомага агонь.

Па вузкіх межах пройдуць чынна
Да плёнаў ядраных жняцы,
З вясёлай песьняю дзяўчына
Складзе багатыя капцы.

Струною роўнаю прарэжа
Маўклівы кут равун-цягнік,
Бярлог абудзіцца мядзьвежы
І ў багне згіне лесавік.

Над дахам хат, над змрокам вечным
Затуліць смольны дымагар
Яскравым променем стосьвечным
Электры яркае ліхтар.

Багатым полагам разьляжа
Пад цяжкім дзятлікам мурог;
Якая-ж здань мне перавяжа
К навуцы гладзь крывых дарог?

Хто ў сэрцы носіць цень надзеі
На цяжкі гнёт маіх умоў,
Хто хоча зыркім сонцавеем
Асьветліць лік старых багоў —

Той зломіць наглае увер‘е,
Той скрытны сподзеў разаб‘е
Аб сталь напружнага намеру,
Што я ўзахоп узяў сабе.