Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАБФАКАВЕЦ-ВЯСКОВЕЦ

Ў вакно маленькае імжыць
Сьвятло пахмурнае надворку,
І шарым выглядам глядзіць
Сырая цесная каморка.

Нясе смуродам цьвіль і плесень,
Астыўшы печ ўжо тыдняў з пяць,
Пацёкаў брудных вільжны дэсень.
Выводзіць рэзкую пячаць.

Прамозглы дух — калеюць рукі,
Здаецца, к печы-б прытуліць…
Ня лёгка мудрыя навукі
Ў жыцьці бядацкім прыдабыць.

Ня раз, ня два ўстаюць пытаньні,
Ці хопе сілы дацягнуць?
І млосна-цяжка разам стане,
І дні, як месяцы, паўзуць.

Ўваччу пярэсьцяцца радкі,
Ня йдзе у голаў сэнс таемны,
Кіўком павабнае рукі
Утома знак дае прыемны.

Пайсьці за ёй — вярнуць назад,
Закінуць цягу к ведам-знаньню?
О, не! Цярпець лепш буду ў дзесяць крат,
А ўсё-ж дайду свайго жаданьня.