Старонка:Урачыстасьць (1925).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

агонь жрэцы, мо‘ хочучы, мо‘ ня хочучы. А ў падыходны момант, калі пазыў сьветавога розуму паварухнуў сваё кола і зачапіў яго — трэснулі напласты і сковы, заціскаўшыя духовае хваляваньне беларускіх грамад…

Перад тым, як завіраваць, выбіўшыся напаверх з цясьнін зямлі, вада толькі сочыцца; перад тым, як выкідаць кіпенную лаву, сопка выкідае рэдкія іскры ў гарачым попеле.

Перад тым, як скалыхнуцца цалком, паварушыць доўга нярухомую цаліну, беларускі народ пусьціў іскры распаляючага агню свайго ўваскрашэньня, свайго аднаўленьня. У цемры, пры ветры — хто-ж ня ведае — іскры хутчэй згараюць. Але сьвятлей бліскаюць, пякней міргаюць, на зоры спадобна.

Алесь Бурбіс быў аднэй з першых іскарак цяпер ужо палымняючага, кіпучага агню беларускага адраджэньня. Ён гарэў у празе ахапіць будучыну, выявіць у шырызьне сваіх ахопаў дванаццацімільённую прасьцёртасьць — гмах, магучы ўскалыхнуць зямлю мацней зямлятрасеньня.

Ня дзьмуў, а сьвістаў на яго шалёны вецер варожае стыхіі; згушчаўся цемнеж, сьціскаўся прастор. Колькі — ж трэба матэрыялу, каб у вагні пылаць і агнём асьвечваць займаючыся золак? І іскра, радзіўшая многа спадобных сабе, выпархнуўшая з падземнаго агню і запаліўшая полымя, завіхраваўшая ляву агняпышачай гары Беларускай Культур — перагарэла, пакінуўшы бляск, цяпло і зыркасьць…