Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Час крыльлі расправіць—пагудка ўжо кліча.
Ўжо віхры цярэбяць да шчасьця шлях новы![1]

І пясьняр адразу адгукаецца новай эпосе "Інтэрнацыяналам". Рэволюцыйнае пачуцьцё, пачуцьцё пераможнага народу, дае яму вялікую сілу ды неахопнае натхненьне знайсьці тую жалезную моц і сьмелую глыбіню, якія набылі пад яго пяром зычныя словы міжнароднага гімну ў беларускім перакладзе. Поэта ўлажыў у свой пераклад дакладнасьць яго сэнсу і апогей урачыстасьці пачуцьця. Поэтавы-ж здольнасьць і мастацтва надалі яскравасьць, мілагучнасьць.

Гэтым перакладам ды вершамі: "Пазвалі вас" і "На сьмерць Сьцяпана Булата" Янка Купала дае поўную дань запатрабаваньню часу. Ня дзіва, што гэтыя вершы аднялі ў нашага песьняра даўжэй году. Бо ў гэтых трох творах уложаны думкі, пачуцьцё, вага якіх роўна вялікім томам. Усё, што сконцэнтравала яго ўражаньне, што нагледзіла вока, што падслухала душа,―адбілася, як у фокусе, у адзначаных трох вершах...

Няхай думаюць іншыя, што Янка Купала не адгукнуўся як сьлед на вялікія падзеі Кастрычніка, — воля думаць, калі панікласьць іх зьбівае з панталыку. Мы трымаемся цьвёрдага пагляду на поэту, як на пасьлядоўнага рэволюцыянера, які наймоцна, найвыразна адбіў дух Кастрычніка ў беларускіх праламленьнях, як адбіваў дух папярэдніх эпох і рэволюцый.

  1. "Безназоўнае", стар. 6.