Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выніку гэтага няўхільны загіб у бок рэволюцыйнасьці прыняў і ўвесь генэзіс разьвіцьця беларускае культуры, а асабліва літаратуры. Пачынаючы ад 1904 году пясьнярка Цётка, будучы сябрам Беларускай Соцыялістычнай Грамады, сваімі вершамі кідае лёзунгі паўстаньня ў гушчы політычна-абуджанага сялянства і гарадзкога рамесьніцтва. Гэтак знатны 1905 год сустракаецца ў беларускай літаратуры гімнамі, літаньнямі.

Адзначаныя фактары падгатаўляюць шлях да выяўленьня новых сіл ужо з гушчы самое працоўнае клясы. Хвалі рэволюцыйнага ўздыму, што разгайдалі рабочых і сялян, скаланулі скрэпы нацыянальнага ўціску і культурнага застою. Паўстае творчы дух у самых гушчах беларускіх працоўных. Адзнаньне патрэбы культурна-нацыянальнага адраджэньня разьліваецца па шэрых абшарах вясковай краіны, успрымаецца шырокімі коламі народнае інтэлігенцыі, перадавым сялянствам ды рамесьніцтвам; вырастае рашучая гатоўнасьць да яе вытварэньня і... пачынаецца новы пэрыод у справе разьвіцьця маладое беларускае літаратуры, яе зрадненьне з народнай стыхіяй, яе абнародваньне.

У гэты вось момант і зьяўляецца на сцэну першы пасланец у літаратуру ад працоўнага сялянства, яго будучы баян і трубадур, Янка Купала. Ён, як-бы ў моц гістарычнае прымхі, нараджаецца з полымя вялікае рэволюцыі, каб апаліць у ёй сваю музу і загартаваным выйсьці на шлях свае славутнае працы.