Перайсці да зместу

Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ШКОДНАЕ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

(Што было і чаго не павінна быць)

Пасьля пяцігадовага зацішша (1916—1920 г.г.) у беларускай літаратуры наступіла прыметнае ажыўленьне. К гэтаму часу сталі выяўляцца новыя пісьменьнікі, пачалі зычэць новыя мотывы ў іх творчасьці. З цэлага згустку дадатных зьявішч выгадна выдзеліўся выступ на літаратурную арэну М. Чарота. Яго бадзёры настрой, яго рэволюцыйныя пачуцьці, апраўленыя ў прыгожую форму, сьведчылі аб новым, буйным і сьветлым у беларускай літаратуры. За ім ішлі А. Дудар, А. Александровіч і М. Зарэцкі. Выразна падбіралася маладое ядро пісьменьнікаў, на творчасьць каторых меў уплыў Кастрычнік на Беларусі. „Завіруха“ М. Чарота дыхнула жывою сьвежасьцю і прарэзала беларускі літаратурны небасхіл яскраваю маланкаю.

Няхай гудзе віхор, няхай зьмятае
Збудованыя тут вякамі курганы,
Тут новы будзе край, тут волі дух вітае,
Ня дасьць ён згінуць нам, гаротныя сыны.
Няхай агонь зямлі да хмар шугае,
Ад буры рушачай краіна не засьне…