ня было. „Нацыянальна ўсьвядомленая культурная беларуская інтэлігенцыя“, — гэта трэба разумець — ня тая народная, сялянска рамесьніцкая інтэлігенцыя ў постаці лясьніка, паштальёна, чыгуначніка-канторшчыка, настаўніка і перадавіка-селяніна ад сахі, якая нясла на сваёй сьпіне нацыянальна-рэволюцыйны беларускі рух, а нейкая іншая арыстократычна-магнацкая, якое на Беларусі ня было. М. Багдановіч, належачы ў некаторай долі да тае інтэлігенцыі, якую разумее дэклярацыя, зусім ня мог адбіваць у сваёй творчасьці ідэалаў народнае беларускае інтэлігенцыі нашаніўскае пары; за гэта казалі ўсе ўмовы яго жыцьця і клясавы стан поэты. Адпаведнага стану М. Багдановіча інтэлігенцыі, за выключэньнем пяцідзесяці ядынак, на Беларусі ў той час ня было. Ня ведаць гэтага — знача ня ведаць клясавага складу насельніцтва дарэволюцыйнай Беларусі і, разам з тым, клясавага характару беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху.
Тое самае нязнаньне выпукляе і характарызаваньне ўзвышаўскай дэклярацыяй творчасьці А. Гаруна. У гэтым выпадку складальнікі дэклярацыі дадумаліся да таго, што рашылі прыпісаць А. Гаруну адбіцьцё „настрояў нацыянальна ўсьвядомленага работніцтва і яго рэволюцыйнай інтэлігенцыі, што за справу работніцкага вызваленьня ішла на катаргі, ссылкі і г. д.“ пэўна, для адлічча яго ад Цішкі Гартнага, які, паіхняму, выражаў, „настроі нацыянальна і соцыянальна ўсьвядомленага рамесьніцтва“.