га (?) саюзу пісьменьнікаў. Думка аб гэтым нарадзілася і на Украіне. 25 студзеня бягучага году адбыўся украінскі агульна-пісьменьніцкі зьезд, які, бязумоўна, паслужыць першым крокам да закладу ўсеукраінскага саюзу пісьменьнікаў. Чарга за намі…
III
Да катэгорыі літаратурных здабыткаў трэба яшчэ аднесьці тыя падзеі ў літаратурным беларускім жыцьці мінулага году, якія выказаліся ў фактах правядзеньня падрахунку дзейнасьці. Гэтым мы маем у воку здарэньні 20-гадовага юбілею Якуба Коласа і пяцігадовага юбілею выданьня часопісі „Полымя“.
Першае здарэньне тым болей набывае важнае значэньне ў літаратурных падзеях 1926 году, што Якуб Колас у ім засуцэліў доўгае кола свайго разьвіцьця. Пачынаючы ад політычных вершаў на заслоне сэмінарыстага, ён перайшоў ступні моркату і нявер‘я. Царская рэакцыя, абрэзаўшая скрыдлы поэтавай бадзёрасьці, прыдушыла яго надзеі, засмуціла яскравасьць небасхілу. Поэту ўсё пачало малявацца ў сумным выглядзе. Яго настрою ня было выйсьця, чаму ён зьбегся ў „Песьнях жальбы“. Жальба, прасачыўшы Коласава нутро ў часы яго няволі, пакінула ў яго настроі глыбокі сьлед на доўгі тэрмін. Дзякуючы яе атрутнасьці, поэта ня мог нейкую пору асвойтацца ў праявах Кастрычнікавай рэволюцыі. Яе бурлівыя, уздымныя хвалі не маглі раскалыхаць веры і спадзей у Коласа ажно да пачатку 1926 г.