няк“ выкарыстоўвае мастацкія спосабы розных літаратурных кірункаў пастолькі, паколькі прыгодны яны, як матэрыял для будаваньня новае літаратуры эпохі дыктатуры пролетарыяту і соцыялістычнага будаўніцтва“.
У гэтай-жа часопісі надрукаваны артыкул маладнякоўскага крытыка Тодара Глыбоцкага „Аб фальшы камэртонаў“. Аўтар ім ускрывае тыя прычыны, якія далі штырхач да расколу „Маладняка“. Згодна Тодару Глыбоцкаму, вышаўшыя з „Маладняка“ пісьменьнікі выяўляюць сабою прадстаўнікоў упадачнічаства, расслабленасьці, містыцызму, што, бязумоўна, процілегла тым прынцыпам, якія выставіў абмалоджаны „Маладняк“. Згодна Тодару Глыбоцкаму, настраёвы зьмест узвышаўцаў складаецца выключна з элемэнтаў — „плаксівасьці і формальнай бескаштоўнасьці, аднастайнасьці (Я. Пушча), нікчэмнага калупаньня ўнутры сваёй псыхікі і бясконцага, бязмэтнага блуканьня ў цеснай клетцы свайго індывідуальнага сьвету (К. Чорны), істэрычнае крыклівасьці (У. Дубоўка), містыцызму (З. Бядуля)“.
Узвышаўцы, бязумоўна, маюць вострыя ўхілы ў бок ад грамадзкіх сучасных мотываў. Я. Пушча і Ў. Дубоўка ня ўмеру шчыра трымаюцца пустое i хілкае плыні, якая точыць маладую расійскую літаратуру, плыні формалізму. Захапленьне сухою вобразнасьцю нямінуча прыводзіць да выветрываньня ня толькі рэволюцыйнае ідэолёгіі, а і ўсякага зьместу. Усё-ж мы бачым, што гэта не пераважная плынь