ЛІТАРАТУРНЫЯ ПАДЗЕІ Ў 1926 г.
I
Беларускае літаратурнае жыцьцё ў 1926 г. адзначаецца асаблівым рухам, багатаю дынамічнасьцю. На ім дужа выразна можна бачыць той агульны рост творчасьці ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры, які што далей, тым болей і глыбей пашыраецца. Беларускія працоўныя гушчы вытрымліваюць экзамен на сталых гаспадароў краю і на яго кіраўнікоў. Яны ўвачавідкі разгартаюць перад сьветам свае творчыя сілы і організацыйныя мажлівасьці. Доля нявольнікаў, якія ня здатны да разумовага будаўніцтва, а прысуджаны жыцьцём да бытаваньня ў ролі чорнае сілы, далёка прагнана хоць бы тымі дасягненьнямі, якія набыты за кароткі тэрмін самастойнага, вольнага жыцьця краіны. Мінулае шпарка тлее на вогнішчы кіпучае працы адраджэньня. Упарта і настойна растаюць апошнія цені старых зданьняў. Музэйнымі фігурамі адзначаюцца рэдкія віды ўздыхацеляў аб „даўнейшым“. Усё болей і мацней цэмэнтуецца агульная воля колектыву, так нядаўна ня меўшага свайго выгляду і ня знаўшага свайго імя.
І так ахотліва налягае думка на патрэбу старанных падлікаў набытых за мінулы год дастаткаў!