Перайсці да зместу

Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У доўгі пэрыод гэтага змаганьня А. Гурло нічога не напісаў[1]. У зборніку „Барвенак“ толькі два вершы адмечаны 1917 годам, пэўна, яго першаю паловаю. У вадным з іх пясьняр захоплены выбухам лютаўскае рэволюцыі, зразу, пасьля сумных настрояў 1916 году, пераходзіць да ружовых фарбаў.

Рэволюцыя страсянула яго бязьвер'е і выняла з душы сьвятлейшыя тоны. Праўда, тоны далёкія ад гімнаў рэволюцыі, ад урачыстасьці, ад захапленьня надзвычайнымі ў людзкім жыцьці падзеямі. Гэты верш, напісаны ўжо баявым цьвёрдым рытмам, выяўляе сабою стан мора ў гэткім выглядзе:

Шуміць вада, хвалюе мора,
Карабль мой шпарка ўдаль ляціць,
А песьня вольная з прастору
Мне душу, сэрца весяліць[2].

Адбітак часу на воку.

А ў другім вершы, таксама ўдарным па строю, ён пяе аб свабодзе ў гэткай форме:

З песьняй звонкай, з песьняй волі
Мы даб‘ёмся лепшай долі.
Час сумлівы хай загіне,
Хай нядоля нас пакіне.
Льлюцца хай вясёла сьпевы!
На загонах рунь пасеваў
Спадзяецца хай уроды!
Воля сьвеціць хай народу![3]

  1. Па крайняй меры сярод надрукованых вершаў ні адзін не пазначан гадамі 1918, 1919 і 1920.
  2. Барвенак“, стар. 133.
  3. Там-жа, стар. 42.