Перайсці да зместу

Старонка:Узгоркі і нізіны.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нікамі. Толькі час, толькі слушны момант… А тут, у вялікім горадзе, у шумнай сталіцы! Тут усё збудавана на людзкіх касьцях, трымаецца на сьпіне працоўных гушчаў і трымае ў крэпкіх абдымах штыхоў і гармат гэтыя гушчы. Уся сталіца амаль жыве тым, каб умела і хітра трымаць у руках вялікую краіну. Якая розьніца з домам! Як цяжка ў халодных сьценах маўчлівых муроў, за якімі ня відаць сонца!.. Трэба прачуць поэтыцкай чулай душою ўсю веліч, усю сілу гораду крывасмоку і разам — яго драпежнасьць! Ехаў з надзеямі крылатымі, з намерамі шырокімі, а ачуўся зьвязаным, сьціснутым, абязмоцненым.

Поэт — сын ніў і лясоў, выхаванец ціхіх местачковых абставін, узьляцеўшы над імі, здавалася, нямерна высока, усё-ж апаў у настроі, зьнізіўся да зямлі ва ўмовах бурлівай сталіцы. І замест далейшага гартаваньня сваіх надзей у яго зарадзілася трывога. Варстаты заводу, трэск грукат запяялі хлопцу не аб надыходзячай перамозе працаўнікоў, а жудлівую цяжкую песьню ваяўнічага наступу нядолі. Мінорны тон, навеяны капыльскімі нівамі, пераліваецца ў сум туманных слотных пецярбурскіх вуліц. Расквітшыя надзеі ломіць журба ды нявер‘е. І песьні, песьні, крануўшыя ўпяршыню яго музу, песьні „скорбі і пячалі“ бяруць верх над радаснымі мотывамі. Залазіць у поэтаву душу густы цьвёрды камяк заняпаду, сьціскае істоту і хвалюе безнадзейныя думкі. Струны музы выцінаюць балючыя зыкі.